Аб выніках работы у 1-м паўгоддзі

29 июля 2015 - Administrator
article1852.jpg

 На пасяджэнні выканкама, якое прайшло ў пятніцу, 24 ліпеня, асноўнымі пытаннямі былі вынікі работы народнай гаспадаркі раёна ў першым паўгоддзі 2015 года, выкананне бюджэту Івацэвіцкага раёна за першае паўгоддзе. Вёў пасяджэнне старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Ткачук.


У пачатку пасяджэння старшыня райвыканкама даў кароткую характарыстыку агульным справам у раёне. Для большасці прамысловых прадпрыемстваў раёна першае паўгоддзе склалася не самым лепшым чынам. Працягваюць уплываць на работу негатыўныя тэндэнцыі на знешнім рынку. У гэтых умовах не выкананы прагнозныя паказчыкі па экспарце тавараў, індэксе фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці, запасах гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці, падрадных работах, намінальнай сярэднямесячнай зарплаце.
У параўнанні з мінулым годам палепшылася сітуацыя ў сельскагаспадарчай вытворчасці: выкананы прагнозны паказчык па валавай прадукцыі (104,2 працэнта пры заданні 103,5). Выкананы прагнозныя паказчыкі па экспарце паслуг; рознічным тавараабароце праз усе каналы рэалізацыі (106,0 працэнта пры заданні 104,0); уводу ў эксплуатацыю жылых дамоў – уве-дзена 12,166 тысячы квадратных метраў, што складае 60,8 працэнта да гадавога задання; стварэнні суб’ектамі малога прадпрымальніцтва новых малых арганізацый – створана 10 пры гадавым заданні 15; стварэнні суб’ектамі малога прадпрымальніцтва новых рабочых месцаў – створана 204 пры гадавым заданні 240.

Пры абмеркаванні дакладаў намеснікаў старшыні райвыканкама па розных галінах народнай гаспадаркі старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук падкрэсліў персанальную адказнасць кожнага кіраўніка за вынікі работы прадпрыемства. Пры гэтым пытанні аб рабоце некаторых суб’ектаў гаспадарання ставіліся жорстка, аж да разгляду ў бліжэйшыя тэрміны пытання іх ліквідацыі шляхам далучэння да галаўных прадпрыемстваў з-за пастаяннай стратнасці ў рабоце і не выразнай перспектывы.

Нягледзячы на адчувальныя змены ў лепшы бок у сельскай гаспадарцы, наперадзе вытворцаў малака чакаюць вельмі істотныя “экзамены” – уводзіцца новы рэгламент прыёмкі малака, дзе закладзены нашмат больш жорсткія патрабаванні да яго якасці. Праведзеныя напярэдадні замеры з улікам гэтага рэгламенту паказалі, што кіраўнікам гаспадарак раёна і спецыялістам неабходна ў самы бліжэйшы час прыкласці намаганні, каб увядзенне новага рэгламенту не абярнулася для іх вялікімі стратамі.
Адначасова старшыня райвыканкама засяродзіў увагу прысутных на недапушчальна нізкіх прывагах у вытворчасці мяса ў гаспадарках. Раён у разрэзе вобласці па гэтым паказчыку знаходзіцца далёка не на лепшай пазіцыі.

Адным з жыццёва важных пытанняў для раёна старшынёй райвыканкама было падкрэслена пытанне стварэння новых рабочых месцаў. Пры гэтым, важна не проста пашырэнне існуючых малых і мікраарганізацый, а стварэнне новых. У сувязі з гэтым аддзелу эканомікі неабходна значна актывізаваць сваю дзейнасць у прыцягненні інвестыцый, у запрашэнні патэнцыйных інвестараў у раён, прапанове ім плошчаў і будынкаў для стварэння вытворчасцей і пашырэння сферы паслуг.

Бюджэт раёна ў першым паўгоддзі выкананы з дэфіцытам, што было звязана з вялікімі расходамі ў чэрвені на аплату працы і адпускных педагагічным работнікам раёна.
Паступленні ў бюджэт у параўнанні з мінулагоднім тэрмінам склалі 112,4 працэнта, але і расходы выраслі – маем 116,1 працэнта да ўзроўню мінулага года.

Перад бюджэтам раёна мае запазычанасць шэраг прадпрыемстваў раёна. І хоць гэтая запазычанасць ад пачатку года істотна зменшылася, тым не менш райвыканкамам указана шэрагу кіраўнікоў на неабходнасць прыняць неадкладныя меры па яе пагашэнні. 
Дзейсным фактарам ліквідацыі дэфіцыту бюджэту старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук назваў змяншэнне расходнай часткі бюджэту ў межах выканання праграмы па аптымізацыі  расходаў. Перш за ўсё гэта тычыцца аддзела адукацыі, дзе работа па аптымізацыі сеткі навучальных устаноў павінна быць працягнута. Неабходна аптымізаваць сетку бібліятэк і іншых культурных устаноў. Яшчэ далёка да поўнага выкарыстання рэзерваў у актывізацыі аказання платных паслуг у галіне культуры.

Ёсць над чым задумацца і нашым камунальнікам: у сельскіх населеных пунктах ёсць лазні, у якіх за першае паўгоддзе не памыўся ні адзін чалавек. Ці ёсць сэнс у стратах на іх далейшае ўтрыманне? Не менш значнае пытанне – аптымізацыя сеткі пасажырскіх перавозак, павелічэнне іх самаакупнасці. 

Дэтальная прапрацоўка гэтых і іншых пытанняў аптымізацыі расходаў можа значна садзейнічаць ліквідацыі дэфіцыту бюджэту.
Трэцім пытаннем, якое разглядалася на пасяджэнні выканкама, было пытанне аб рабоце са зваротамі грамадзян. Адзначалася, што гэта работа вядзецца сістэмна, суадносна з патрабаваннямі заканадаўства. За першае паўгоддзе ў райвыканкам паступіла 137 зваротаў грамадзян, з якіх 48 – пісьмовыя. Для параўнання, у мінулы перыяд 2014 года ўсіх зваротаў было 232, пісьмовых – 96. Менш удвая было калектыўных зваротаў – 18.
У большасці пытанняў, з якімі людзі звяртаюцца да ўлады, – пытанні жыллёва-камунальнай сферы. Асобна стаяць звароты, звязаныя з зямельнымі пытаннямі. На жаль, пачасціліся выпадкі спрэчак жыхароў населеных пунктаў з-за межаў участкаў. Іх разгляд займае часам працяглы тэрмін, а пакрыўджаныя застаюцца, хоць пытанні і вырашаюцца на аснове дакументаў.

Прынята рашэнне, у якім надалей пастаўлена задача забяспечваць безумоўнае выкананне патрабаванняў заканадаўства аб зваротах грамадзян і ўдасканальванні работы з грамадзянамі шляхам апытанняў, правядзення сходаў для вывучэння запытаў і магчымасцей вырашэння пытанняў на месцах.

Чацвёртым пытаннем было разгледжана прадстаўленне пракуратуры раёна аб выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №5 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”. Па гэтым пытанні выканкамам прынята рашэнне, накіраванае на безумоўнае выкананне Дэкрэта і папярэджанне карупцыйных з’яў, умацаванне працоўнай дысцыпліны.
Валерый ГАПЕЕЎ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий