Анатолій Ліс правёў прыём грамадзян у Івацэвічах

9 июня 2017 - Administrator
article3216.jpg

 7 чэрвеня ў малой зале Івацэвіцкага райвыканкама чарговы выязны  прыём грамадзян правёў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс. У гэты дзень да кіраўніка вобласці звярнуліся 13 чалавек, кожнага з іх  Анатолій Васільевіч  выслухаў уважліва, даў кампетэнтныя і аргументаваныя адказы на  пытанні.


Дарэчы, пытанні, якія паступілі падчас прыёму, былі разнапланавымі. Большасць з іх насіла асабісты характар. Аднак, былі і тыя, якія закраналі інтарэсы большай колькасці людзей.

Так, да кіраўніка вобласці звярнуліся жыхаркі аг. Гошчава Я. Ф. Белая і Г. П. Кот. Жанчыны ад імя мясцовых жыхароў прасілі паспрыяць вырашэнню пытання па пуску дадатковага рэйса па прыгарадным маршруце Івацэвічы-Гошчава на пастаяннай аснове. Як патлумачылі жанчынам, пытанне можа быць вырашана станоўча  толькі пры ўмове наяўнасці загрузкі дадзенага рэйса. А вось жыхары Івацэвічаў А. І. Іванец, У. Г. Сяргейчык і У. В. Ятчэня скардзіліся на пастаянны пыл, які ўтвараецца пасля праезду аўтамабільнага транспарту, у тым ліку і грузавога,  па вул. Славянская і Інтэрнацыянальная, якія маюць гравійнае пакрыццё.  Па гэтых вуліцах назіраецца актыўны паток транспарту, а цярпець нязручнасці вымушаны жыхары прыватнага сектара. Мужчыны папрасілі дапамагчы вырашыць праблему і нават самі прапанавалі, як гэта зрабіць: ці абмежаваць рух па гэтых вуліцах, ці іх заасфальтаваць. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс даручыў дэталёва разабрацца ў сітуацыі, прааналізаваць мэтазгоднасць асфальтавання гэтых участкаў дарогі ці магчымасць  пакрыцця іх іншым дарожным матэрыялам, разгледзець зручныя для гараджан схемы аб’ездаў пры абмежаванні руху праз вышэйназваныя вуліцы. Аб тым, якое рашэнне будзе прынята мясцовай уладай, гараджане будуць праінфармаваны дадаткова. 

Частка пытанняў тычылася жыллёва-камунальнай тэмы: паляпшэння жыллёвых умоў, добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый, рамонту жылога фонду. Напрыклад, жыхарка в. Волька З. В. Канявега звярнулася да Анатолія Ліса па пытанні паляпшэння жыллёвых умоў. Жанчына пражывае ў былым ваенным гарадку, дзе сёння з 262 кватэр трэцяя частка – пустуючыя. У свой час жанчына не прыватызавала кватэру. Калі ж перасяліцца ў жыллё большай камфортнасці, што часова палепшыць яе жыллёвыя ўмовы, у яе выпадку прыйдзецца плаціць больш грошай за арэнднае жыллё. Хвалюе жанчыну і пытанне ўтрымання жылфонду ў належным стане, а таксама добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый. На думку кіраўніка вобласці,  да рашэння любога пытання трэба падыходзіць комплексна. Што тычыцца праблемы пустуючых кватэр у былым ваенным гарадку, то ў першую чаргу,  трэба думаць пра тое, каб стварыць тут якую-небудзь вытворчасць, ці з прыцягненнем інвестара, ці індывідуальных прадпрымальнікаў. З’явіцца вытворчасць, з’явяцца і працоўныя месцы, а значыць, і кватэры заселяцца. Думаць у першую чаргу трэба пра інтарэсы людзей, але і эканамічны эфект любога прадпрымальніцтва трэба пралічваць. 

Як адзначыў кіраўнік вобласці ў размове з журналістамі, падчас правядзення ім выязных прыёмаў грамадзян да яго прыходзяць з рознымі праблемамі. 
– Усе пытанні, якія задаюць людзі,  – важныя, яны маюць сацыяльную накіраванасць, – падкрэсліў Анатолій Ліс. – Кожны чалавек прыходзіць са сваёй праблемай, а некаторыя прадстаўляюць інтарэсы іншых, бо не кожны мае магчымасць прыйсці на прыём. 
Кіраўнік вобласці рэзюмаваў, што не ўсе пытанні можна вырашыць імгненна, некаторыя патрабуюць дэталёвага вывучэння і часу. Але важна пачуць людзей і зрабіць усё магчымае для таго, каб дапамагчы вырашыць іх праблемы. 

Падчас прыёму ў гэты дзень да старшыні Брэсцкага аблвыканкама паступіла дзесяць пытанняў. Частка з іх  была  вырашана на месцы, частка –  узята на кантроль.
Аляксандра ДЖЭЖОРА, 
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).
Комментарии (0)
Добавить комментарий