Дэнамінацыя: не трэба лішніх хваляванняў

20 июня 2016 - Administrator
article2511.jpg

 Асноўным пытаннем чарговага адзінага дня інфармавання насельніцтва стала тэма дэнамінацыі беларускага рубля, якая пачнецца 1 ліпеня гэтага года. Менавіта пачнецца – на гэта акцэнтаваў увагу калектыву УП “Івацэвіцкае ПМС” старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук, які разам з дырэктарам цэнтра банкаўскіх паслуг №111 філіяла №802 ААТ “ААБ Беларусбанк” Ганнай Ляшковай і дырэктарам прадстаўніцтва Дзяржстраху па Івацэвіцкім раёне Нінай Каральчук наведаў гэта прадпрыемства на мінулым тыдні.

 

Гэтую ж думку падкрэсліла і Ганна Ляшкова: дэнамінацыя – не аднадзённая і нават не аднатыднёвая акцыя, гэта – расцягнуты ў часе працэс. Таму трэба спакойна аднесціся да магчымых пэўных няўвязак.  Рэальна проста немагчыма за нейкі кароткі тэрмін раптоўна абмяняць усе цяперашнія грошы на новыя. Ды галоўнае: спяшацца як найхутчэй гэта зрабіць няма ніякіх падстаў:  “старыя грошы” будуць "хадзіць" паралельна з новымі і прымацца ва ўсіх пунктах аплаты да 2017 года. Да 31 снежня 2019 года іх прымуць ва ўсіх банках, а да 31 снежня 2021 года – у  Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.
 
Звярнула Ганна Іосіфаўна ўвагу рабочых і спецыялістаў прадпрыемства на пэўныя тэхнічныя моманты. Напрыклад, беларускія новыя манеты маюць невялікую намагнічанасць, таму непажадана захоўваць іх непасрэдна побач з разліковай пластыкавай карткай. Першыя дні дэнамінацыі чакаюцца, канешне, самымі напружанымі і хвалюючымі. І складанымі чыста тэхнічна, хоць праведзена велізарная работа, каб забяспечыць пераход да новых грошай. Падрыхтаваць банкаматы, інфакіёскы, плацежныя тэрміналы… Дарэчы, банкаматы пасля будуць выдаваць толькі папяровыя грошы новага ўзору, капейкі – не.  Ганна Ляшкова таксама паведаміла, што 30 чэрвеня разліковыя тэрміналы будуць пераведзены на новыя грошы, у ноч з 30 чэрвеня на 1 ліпеня ў банкаматы будуць загружацца новыя грошы.
 
Але! Няхай гэта не будзе прычынай для таго, каб бегчы ды здымаць 
адтуль усе наяўныя. Удумайцеся ў лічбу: за адзін толькі месяц банкаматы ў раёне выдалі 55 мільярдаў рублёў! Тым часам, як літаральна ўсе магазіны ў нас аснашчаны тэрміналамі безнаяўнага разліку.
Галоўнае ж: у першыя дні і тыдні дэнамінацыі менавіта разлік карткай будзе самым зручным, зразумелым і простым працэсам аплаты. Ні прадаўцу, ні вам самім не давядзецца ў галаве пераводзіць мільёны ў сотні ці наадварот. 
Канешне, напачатку такога працэсу, ведаючы пра наша агульнае жаданне зрабіць усё “як найхутчэй і за раз”, першыя дні могуць выклікаць пэўную нервовасць. Анатолій Ткачук заўважыў, што часцей прычыны таму – той самы чалавечы фактар, мы самі. Тым жа прадаўцам у магазінах будзе вельмі і вельмі няпроста па першым часе,  час разліку  недзе можа зацягнуцца, самі пакупнікі будуць пералічваць-правяраць. Усё гэта зразумела, мы – людзі. Таму давайце загадзя набяромся цярпення. Мінецца ўсё хутка, галоўнае – не псаваць адзін аднаму ў першыя дні настрою. Што яшчэ пажадана, падкрэсліў Анатолій Уладзіміравіч: менш адпраўляць у магазіны дзяцей, дапамагчы сваім састарэлым бацькам, абавязкова перасцерагчы іх, што грошы новыя яны могуць атрымаць толькі ў магазіне, іншым пункце аплаты паслуг і тавараў ці ў банку. Больш – нідзе. Ніхто па вёсках ездзіць з прапановамі абмену не будзе. Калі такія людзі раптам з’явяцца недзе – гэта махляры. Пра гэта абавязкова трэба папярэдзіць пажылых людзей.
(Больш падрабязна аб тым, як будзе праходзіць непасрэдна працэс дэнамінацыі ў нашым раёне, аб усіх хвалюючых момантах мы раскажам у наступным нумары "ІВ".)
 
Пасля перад працоўным калектывам выступіла дырэктар прадстаўніцтва Дзяржстраху па Івацэвіцкім раёне Ніна Каральчук. Яна пазнаёміла работнікаў з новымі і запатрабаванымі паслугамі Дзяржстраху, сярод якіх – медыцынскае страхаванне і комплекснае страхаванне, транспартнае, “Аўтакаска”, страхаванне адказнасці вадзіцеляў за межамі Беларусі, адказала на пытанні слухачоў.
Напрыканцы сустрэчы Анатолій Ткачук звярнуў увагу работнікаў прадпрыемства на блізкую падзею – пяты Усебеларускі народны сход. Тое, што гэта надзвычай сур’ёзнае мерапрыемства – гэта безумоўна, бо там будзе прыняты кірунак развіцця краіны на бліжэйшыя гады, там будуць агучаны праграмы, і сярод іншых можа вырашацца лёс меліярацыі краіны – што непасрэдна тычыцца работнікаў ПМС. А для нашай Брэстчыны пытанне меліярацыі значыць вельмі і вельмі многае.
Падрыхтаваў Валерый Гапееў, 
фота Валерыя Міскевіча.
 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий