Калі старасты – людзі нераўнадушныя…

14 июля 2017 - Administrator
article3293.jpg

 У мінулы аўторак на базе Святавольскага сельскага савета прайшла семінар-нарада кіраўніцтва Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў са старастамі населеных пунктаў раёна. Вёў мерапрыемства старшыня райсавета Аляксандр Сарока; дэлегацыя, у склад якой уваходзіла кіраўніцтва сельвыканкамаў, наведала шэраг аб’ектаў гаспадарчага прызначэння, сельскага быту, некаторыя аб’екты філіяла “Целяханскі” ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ” .


Маладыя душой жыхары Доўгай 
Падчас наведвання вёскі Доўгая многія з прысутных упэўніліся: устойлівы стэрэатып, што жыццё ў невялічкіх вёсках, з колькасцю жыхароў да 50 чалавек, няўмольна згасае, гэта стэрэатып – і не болей за тое. Ды тут, у Доўгай, жыццё проста кіпіць, а вяскоўцы – няхай сярэдні ўзрост у вёсцы болей за 60 гадоў – жывуць актыўна, думаюць на перспектыву.
– Ну хіба не дзіўна, што на свята вёскі Доўгая, дзе пражывае 30 чалавек, прыходзіць каля 50 чалавек (сярод іх, зразумела, многа ўраджэнцаў Доўгай), а на свята іншых вёсак, дзе жыхароў паўтысячы, – прыходзіць 30? – звяртаў увагу прысутных старшыня Святавольскага сельсавета Анатоль Шчурко.

Старшыня сельсавета падкрэсліў, што сам здзіўлены тым, наколькі ініцыятыўныя тут людзі. І яшчэ: мясцовыя жыхары разумеюць: вельмі многае можна зрабіць сваімі рукамі, не закідваючы скаргамі і просьбамі кіраўніцтва сельвыканкама ці райсавета.
Вось прыклады. У Доўгай першымі ў сельсавеце перадалі могілкі на баланс ЖКГ: вяскоўцы ў поўным складзе выйшлі на аб’ект, зрэзалі і прыбралі ўсе дрэвы, адрамантавалі плот і агароджу, абкасілі, падрыхтавалі тэхпашпарт на могілкі; у бягучым годзе ўстанавілі самастойна помнік ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, які памёр і помнік якога родзічы купілі і не маглі ўстанавіць некалькі гадоў… Праблема пустуючых дамоў таксама вырашаецца самым аптымальным спосабам: актыў вёскі супраць таго, каб дамы зносіліся, бо вельмі ўжо гэта маральна цяжка перанесці. Як вынік, вяскоўцы самі абкошваюць дамы, рамантуюць платы – і вёска “не спусташаецца”, бо калі пачаць “выразаць” дамы, то яна ўжо перастане быць той Доўгай, якую любяць і шануюць вяскоўцы.

Яшчэ адзін цікавы момант. У цэнтры вёскі знаходзіцца дот Першай сусветнай вайны. Актыў вёскі выйшаў з прапановай – зрабіць яго няхай і невялічкім, але турыстычным аб’ектам, дзе могуць спыніцца тыя, хто праязджае на Пінск і Івацэвічы. І работа закіпела, сёння дот – сапраўды ўпрыгожанне вёскі, унутры прыбрана і чыста, нібы ў музеі. Ёсць іншыя думкі і прапановы наконт таго, як зрабіць яшчэ больш прыгожым і цікавым для гасцей вёскі гэтае месца.   
Такое насычанае грамадскімі падзеямі жыццё ў вёсцы Доўгая стала магчымым таму, што тут стараста Мікалай Васюціч і яго верная памочніца, жонка Надзея Іосіфаўна, сталі рухавіком у справах па добраўпарадкаванні роднай вёскі. Той прыклад, калі можна сказаць адназначна: грамадскасці, актывістам па сілах вельмі многае! 

Нераўнадушнасць – вітаецца!
Падчас наведвання Велікагацкай сярэдняй школы была звернута ўвага на тое, што арганізаваць людзей на добрую справу можна там, дзе, здаецца, і не чакаецца дапамога. Вось прыклад. Выпускнікі гэтай школы, якія некалькі дзесяцігоддзяў назад скончылі навучальную ўстанову, падчас яе наведвання загарэліся ідэяй пасадзіць рад яблынь на месцы старога саду. Маўляў, будзе памяць пра нас. Гэты крок не застаўся незаўважаным пакаленнямі іншых выпускнікоў, якія пажадалі пакінуць свой след каля роднай школы. Як бачыце, “разбудзіць” людскую ініцыятыву можна ў самым нечаканым выпадку. 

Даволі цікавым і павучальным стала наведванне аб’ектаў ААТ “Святая Воля”, гасцей мерапрыемства сустракалі старшыня сельгаспрадпрыемства Уладзімір Любушак, галоўны інжынер Васіль Брычкалевіч, старшыня прафкама Жанна Корзан. Наведванне паспяховага прадпрыемства, як звярнулі ўвагу аўтара гэтых радкоў многія са стараст, паказвае, як многага можна дабіцца, калі нават на самым маленькім участку працаваць з любоўю, адказнасцю. Бо на мехдвары, у кафэ гаспадаркі, на стадыёне ў Вялікай Гаці, дзе кожны год з’яўляюцца новыя атрыбуты актыўнага адпачынку, усё радуе вока, пры гэтым відавочна, што працуюць тут сістэмна, без наскокаў, паступова накіроўваючы сродкі на паляпшэнне ўмоў жыцця вяскоўцаў. 

Наведалі ў гэты дзень удзельнікі семінара могілкі ў Вялікай Гаці. Тут адбыўся гарачы абмен меркаваннямі і думкамі паміж старшынямі сельсаветаў і старастамі. Праблемы з дрэвамі на могілках у большасці вырашаны, але з’явілася новая праблема: дружна пайшло ў рост кустоўе. Старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Сарока і тут, на месцы, і на пасяджэнні ў Святавольскім СДК, якое прайшло напрыканцы мерапрыемства, звярнуў увагу прысутных: перадача могілкаў камунальнікам не прадугледжвае аўтаматычна, што сельвыканкамы, як кажуць, “умыли руки”. Перадача гэтых аб’ектаў праводзіцца паступова, не да канца пакуль адпрацавана сістэма фінансавання камунальнікаў на гэтыя работы – у выніку атрымліваецца, што стан могілкаў у шэрагу населеных пунктаў зараз не радуе. Важна гэтую работу па навядзенні парадку ажывіць зараз, у разгар лета, бо ёсць праблемы з абкошваннем, з кустоўем, якое пайшло ў рост. Няма часам парадку і на кантэйнерных пляцоўках. І могілкі ніколі не стануць “чужымі” для сельвыканкамаў, нават калі яны будуць поўнасцю перададзены. Бо скаргі ёсць, апошнія з іх з вёсак Падстарынскага і Квасевіцкага сельсаветаў, дзе дрэвы, якія засталіся, псуюць помнікі. Але разам з тым, стан могілкаў не павінен быць праблемай сельсаветаў і райсавета. 

– Мы гатовы дапамагаць, калі людзі і самі будуць штосьці рабіць, – падкрэсліў Аляксандр Сарока. – І ў такой сітуацыі ініцыятыва людзей знізу, як мы бачылі на прыкладзе Доўгай, павінна толькі вітацца, накіроўвацца ў патрэбнае рэчышча. І вынік парадуе ўсіх! Мясцовыя жыхары не могуць быць раўнадушнымі, бо гэта іх продкі ляжаць на могілках – і людзі павінны пэўныя намаганні накіроўваць, каб тут быў парадак. І не пашкодзіць уладу праявіць, скласці пратакол, калі чалавеку “цяжка” занесці стары вянок да кантэйнернай пляцоўкі і ён проста адкідвае яго ўбок, ледзь не на чужую магілу.

Што тычыцца старых дамоў, якія моцна псуюць знешні выгляд вёсак, то тут і прадпісаннямі можна многага дабіцца, бо болей за палову з ліку тых, хто забыў пра родны дом, раптам “успомніў”, калі атрымаў прадпісанне. Чакаецца і дапаўненне да Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі №100, не выключана, што мясцовая ўлада зможа і прадаваць такія пакінутыя хаты.  

Але прыемна, што паступова многае мяняецца ў лепшы бок, з’яўляюцца новыя дзіцячыя пляцоўкі на пустках – у Целяханах, Дабромыслі; адзін з апошніх штрыхоў – аграсядзіба ў Прыбараве, дзе прабіваецца новае жыццё ў, здаецца, зусім неперспектыўнай вёсцы. 
Напрыканцы сустрэчы старшыня райсавета Аляксандр Сарока павіншаваў актывістаў, лепшых старастаў раёна і ўручыў падарункі Ірыне Джэжоры (в. Святая Воля), Валянціне Ермаловіч (в. Краглевічы), Людміле Попін (в. Міронім), Міхаілу Шайкову (в. Козікі), Надзеі Кулецкай (в. Бусяж), Сяргею Мулярчыку (в. Азярцо), Валянціне Дзядок (в. Турная), Марыі Белай (в. Міхнавічы), Мікалаю Ахрамовічу (в. Галенчыцы), Мікалаю Васюцічу (в. Доўгая), Ганне Емельяновіч (в. Чамялы). 
Старастамі зроблена многае, але наперадзе шмат новых задач, падкрэсліў Аляксандр Сарока. Улічваючы, што сёння большасць стараст – людзі нераўнадушныя, ініцыятыўныя, можна не сумнявацца: праблемы будуць вырашаны.
Канцэрт і добры настрой дарылі ўдзельнікам мерапрыемства сама-
дзейныя артысты Святавольскага СДК.
Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара).
Комментарии (0)
Добавить комментарий