На прыём да дэпутата: з якімі пытаннямі звяртаюцца жыхары раёна да А. У. Ткачука

3 января 2017 - Administrator
article3015.jpg

Чарговыя прыёмы грамадзян у Івацэвіц­кім і Бярозаўскім раёнах на мінулым тыд­ні правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11, намеснік старшыні камісіі па дзяржаў­ным будаўніцтве, мясцовым самакіраван­ні і рэгламенце, член РГА “Белая Русь” Анатолій Ткачук.

 

26 снежня ў райвыканкаме ладзіўся прыём грамадзян і “прамая тэлефонная лінія” з дэпутатам, каарды­наваў работу старшыня РА РГА “Белая Русь” Дзяніс Па­калюк. Тэлефанаванняў за дзве гадзіны работы лініі не паступала, але людзі пажадалі сустрэцца з Анатоліем Уладзіміравічам сам насам – звярталіся па двух пытан­нях. Першымі прыйшлі да дэпутата жыхаркі вёскі Куш­няры, дзе нядаўна зачынілі магазін райспажыўкаапера­цыі. Некалі гандлёвая кропка ўжо была пад пагрозай закрыцця – не маглі знайсці прадаўца. Цяпер ізноў тая ж праблема, ды і іншых пытанняў да яе дадалося: няс­тачы, невысокі тавараабарот. Жанчыны прасілі паспры­яць узнаўленню работы магазіна. А жыхарка Гошчава, якая таксама прыйшла на прыём, не задаволеная якас­цю вады, якая паступае па водаправодзе. І ў якасці до­казу жанчына прывезла яе з сабой, у слоіках – сырую, кіпячоную, а таксама фільтр для вады, які забруджва­ецца літаральна за два тыдні. У адной з проб вады, што рабіла заяўнік, норма ўтрымання жалеза перавышана ў два разы.

 

Абедзве праблемы знаёмыя дэпутату, але канчатко­вых адказаў без кансультацыі з кіраўніцтвам арганіза­цый, адказных за вырашэнне пытанняў, Анатолій Ула-дзіміравіч не даваў. Тым не менш, сваім бачаннем вы­рашэння праблем падзяліўся і расказаў, у якім клю­чы збіраецца дзейнічаць. Узнаўленне магазіна, калі гэ­та немэтазгодна фінансава, будзе залежаць ад жадан­ня ўласніка, з якім і будуць раіцца. Многія маленькія вёскі раёна перайшлі на сістэму абслугоўвання праз аў­талаўкі, і Кушняры, у якіх пражывае 68 чалавек, вялікім населеным пунктам не назавеш. Да таго ж ён месціц­ца блізка да горада, дзе можна зрабіць важныя пакупкі. Што да сітуацыі з вадой у Гошчаве, то, канечне, праб­лема патрабуе неадкладнага вырашэння, і яно бачыц­ца дэпутату не столькі ў будаўніцтве станцыі абезжале­звання вады ў вёсцы, колькі ў тым, каб злучыць вода­праводныя сеткі Гошчава і Івацэвічаў, замяніўшы ў Гош­чаве старыя трубы. Але спачатку трэба падрыхтаваць праект, на якім будуць засноўвацца будаўнічыя рабо­ты. Нядаўна падобная праблема менавіта такім чынам была вырашана ў Яглевічах, на чарзе – Воля, дзе так­сама вада пакідае чакаць лепшага, а за ёю Гошчава і Падстарынь. Якой будзе прапанова камунальнай служ­бы раёна, пакуль застаецца пад пытаннем. Абодва зва­роты прынятыя да разгляду.

 

Наступны прыём грамадзян у нашым раёне прахо-дзіў у Рэчках і Целяханах 29 снежня. Ад жыхароў Рэч­каўскага сельсавета паступіла 10 зваротаў на самыя розныя тэмы. Калі абагульняць, то адразу некалькі зва­ротаў, прычым, калектыўных, тычыліся спагнання па­датку з непрацуючых грамадзян, а таксама працаўлад­кавання дзяцей. Пыталіся пра паляпшэнне жыллёвых умоў для сябе (пакупка дома ў ААТ “Рэчкі”) і дзяцей (пастаноўка на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў). Было зададзена важнае пытанне на­конт умоў газіфікацыі вёскі Рэчкі. Хацелі людзі, каб на дзень даўжэй працавала ў вёсцы аддзяленне банка (ча­тыры дні на тыдзень замест трох), каб за набыццё няс­праўнага тавару ім вярнулі грошы. Быў зварот наконт сталоўкі ААТ “Горталь” – знайшоўся жадаючы, каб вы­купіць яе пад аб’ект сервісу. А ў Целяханах з дэпута­там раіліся наконт размяшчэння ў пасёлку новай аўта­запраўкі.

 

Сёння, 3 студзеня, прыём вядзецца ў Быцені і Воль­цы. Нямала людзей звяртаюцца да дэпутата і ў той час­тцы выбарчай акругі, што адносіцца да Бярозаўскага раёна – у Белаазёрску, Пескаўскім і Спораўскім сель­саветах. Перад навагоднімі святамі прыём праводзіўся ў Малечы і Першамайскім. Па словах дэпутата, людзей хвалюе рознае, часта задаюцца жыллёвыя, зямельныя пытанні, звязаныя са зменай пастаноў суда і многія ін­шыя.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий