Пра бяспеку, барацьбу са злачыннасцю...

1 февраля 2016 - Administrator
article2219.jpg

 На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося 29 студзеня, было разгледжана тры пытанні. Вёў пасяджэнне старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук.


Першым слухалася пытанне “Аб выніках работы Івацэвіцкага раённага звяна Брэсцкай тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у 2015 годзе і задачах на 2016 год”. Дзякуючы праведзенаму  комплексу мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці, абароне насельніцтва і тэрыторый раёна ад надзвычайных сітуацый, удалося палепшыць аператыўную абстаноўку з пажарамі і павысіць узровень бяспекі жылога фонду і суб’ектаў гаспадарання. Аднак, нягледзячы на прынятыя меры, удзельны паказчык колькасці надзвычайных сітуацый і колькасці загінуўшых ад пажараў застаецца высокім ў параўнанні з сярэднім паказчыкам па вобласці. Так, на 12,7 працэнтаў знізіўся удзельны паказчык колькасці надзвычайных сітуацый тэхнагеннага характару (з улікам пажараў) на дзесяць тысяч насельніцтва  і склаў 10,4 (у 2014 годзе – 10,9, сярэдні па вобласці за 2015 год – 7,9). А удзельны паказчык колькасці загінуўшых ад пажараў на сто тысяч насельніцтва знізіўся на 14,4 працэнта і склаў 8,98 (у 2014 годзе – 14,3, сярэдні па вобласці за 2015 год – 5,8). Пры гэтым рост колькасці пажараў зарэгістраваны на тэрыторыі сямі сельсаветаў (Быценскім, Жытлінскім, Квасевіцкім, Любішчыцкім, Святавольскім, Целяханскім, Яглевіцкім) і ў райцэнтры.

Як адзначыў кіраўнік раёна, важна мэтанакіравана прадаўжаць праводзімую работу, каб захаваць станоўчую тэндэнцыю і дабіцца мінімальных паказчыкаў і па колькасці надзвычайных сітуацый, і па колькасці загінуўшых у агні. Вельмі засмучае той факт, што нямала пажараў здарылася па прычыне няспраўнасці печаў і электраправодак, шэсць працэнтаў ад колькасці пажараў здарылася па прычыне падпалаў. Гэта гаворыць аб тым, што ёсць недапрацоўка з боку шэрага службаў, і сітуацыю трэба тэрмінова выпраўляць. Таму ў бягучым годзе ў першую чаргу работа будзе працягвацца ў кірунку ўмацавання грамадзянскай бяспекі і дысцыпліны, удасканальвання ведаў, навыкаў і ўменняў службовых асоб і працуючага персаналу ў сферы забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва.

“Аб рэалізацыі плана мерапрыемстваў на 2015 год па выкананні Праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2013-2015 гады”, – так гучала другое пытанне. Але перш чым прыступіць да яго абмеркавання, старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук звярнуў увагу прысутных на няўхільнае выкананне ўсімі неабходных мер ў метах выключэння карупцыйных рызык. Гэта тычыцца перш за ўсё публічнасці прымаемых рашэнняў у сферы прыватызацыі, правядзення аўкцыёнаў і таргоў, продажу і здачы ў арэнду дзяржмаёмасці. Асабліва трэба звярнуць увагу на правільнасць правядзення дзяржзакупак, пытанні афармлення спіскаў ЖБСК і зямельных участкаў. І, калі гэта неабходна, трэба праводзіць спецыяльныя вучобы і іншыя мерапрыемствы, якія будуць садзейнічаць змяншэнню карупцыйных з’яў. У цэлым жа аналіз крымінагеннай сітуацыі паказаў,  што праведзеныя мерапрыемствы не ў поўнай меры паўплывалі на паляпшэнне сітуацыі са злачыннасцю на тэрыторыі раёна. Колькасць крадзяжоў за 2015 год узрасла на 32,5 працэнты ў параўнанні з 2014 годам. Па выніках мінулага года наглядаецца павелічэнне колькасці здзейсненых злачынстваў на тэрыторыі практычна ўсіх сельсаветаў (за выключэннем Волькаўскага, Жытлінскага і Аброўскага) і ў райцэнтры. Найбольш ускладнілася абстаноўка на тэрыторыі Целяханскага, Мілейкаўскага, Святавольскага, Квасевіцкага і Падстарынскага сельсаветаў. Агульная колькасць злачынстваў за мінулы год узрасла на 12,2 працэнты ў параўнанні з 2014 годам. На жаль, наглядаецца рост  падлеткавай злачыннасці. Таксама павялічылася колькасць карупцыйных злачынстваў. Агучаныя лічбы не толькі насцярожваюць, і патрабуюць прыняцця неадкладных мер з боку ўсіх зацікаўленых службаў, у першую чаргу ўзмацнення прафілактычнай работы супрацоўнікамі РАУС. І як было адзначана на пасяджэнні, павышаная ўвага будзе нададзена маланаселеным і аддаленым вёскам раёна, сацыяльна небяспечнай катэгорыі насельніцтва, а таксама павышэнню бяспекі пажылых людзей і дзяцей.

У рамках трэцяга пытання “Аб рабоце мясцовых органаў улады са зваротамі грамадзян у 2015 годзе” быў зроблены падрабязны аналіз работы ў дадзеным кірунку. Было адзначана, што работа праводзіцца згодна з дзеючым заканадаўствам і з выкарыстаннем усіх неабходных метадаў і форм работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Усяго за 2015 год у райвыканкам паступіла 293 звароты грамадзян і юрыдычных асоб, што на 13 працэнтаў менш у параўнанні з 2014 годам. Большасць зваротаў тычылася пытанняў будаўніцтва і рамонту дарог, пракладкі сетак каналізацыі і водазабеспячэння, добраўпарадкавання населеных пунктаў, рамонту будынкаў і навядзення санітарнага парадку на зямлі.
Па ўсіх разгледжаных пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.
Аляксандра ДЖЭЖОРА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий