Семінар у СВК "Святая Воля"

12 июля 2016 - Administrator
article2559.jpg

 У рамках дагавору аб супрацоўніцтве паміж Івацэвіцкім і Бярозаўскім раёнамі ў мінулую пятніцу  СВК “Святая Воля” наведала дэлегацыя ў скла-

дзе кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый Бярозаўшчыны на чале са  старшынёй Бярозаўскага райвыканкама Леанідам  Мартынюком. Сустракалі гасцей старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Анатолій Ткачук і старшыня СВК “Святая Воля” Уладзімір Любушак. 
Праграма семінара была насычанай. Кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый суседняга раёна  пазнаёміліся  з вытворчай базай нашай перадавой гаспадаркі, змаглі ацаніць  арганізацыю тэхналагічнага працэсу вырошчвання і ўтрымання буйной рагатай жывёлы і  атрымаць кампетэнтныя адказы на свае пытанні ад кіраўніка раёна, старшыні і спецыялістаў сельгаскааператыва. 
– Любая вучоба прыносіць карысць, – лічыць старшыня Бярозаўскага райвыканкама Леанід Мартынюк. – Падчас такіх семінараў мы не толькі наведваем вытворчыя аб’екты, мы яшчэ і  бачым, як абустроены і жывуць людзі ў гэтым населеным пункце. Гледзячы на тэхналогіі, якія адпрацаваны на  прадпрыемствах, умоўна перакладваем усё убачанае на сваю дзейнасць. 
А як гэта зроблена ў нас? Такім чынам робім ацэнку сваёй працы. Што тычыцца СВК “Святая Воля”, то тут назіраецца даволі высокі ўзровень. І арганізацыя вытворчасці, і шмат моладзі працуе, што вельмі радуе. Сярэдні ўзрост працуючых – 42 гады. А гэта ўжо  аб многім гаворыць. Гэта значыць, што тут створаны такія ўмовы працы, што малады чалавек,  прыйшоўшы сюды працаваць, хоча застацца тут жыць. Ён задаволены месцам працы, атрымлівае дастойную зарплату і можа  ўтрымліваць сям’ю.
І сапраўды, 25 працэнтаў ад працуючых у СВК складае моладзь. Кіраўніцтва гаспадаркі пастаянна клапоціцца аб тым, каб маладыя работнікі адчувалі сябе тут не горш, чым у горадзе. Так, па ініцыятыве кіраўніцтва СВК быў абустроены стадыён для заняткаў спортам, і з'явілася кафэ, дзе моладзь СВК ужо правяла не адно цікавае мерапрыемства. 
Прыемна ўразіў удзельнікаў семінара сучасны комплекс па вытворчасці малака на 1000 кароў у в. Вялікая Гаць. Усё тут арганізавана, як таго патрабуе тэхналогія. Улічана ўсё да дробязей, і, як вынік, малако, якое тут атрымліваюць, стопрацэнтна рэалізоўваецца сортам “Экстра”. На 1 ліпеня 2016 года вытворчасць малака на малочнатаварнай ферме склала 3174 тоны (рост –   119,1 працэнта  ў параўнанні з аналагічным  перыядам мінулага года). Пабывалі ўдзельнікі семінара і на жывёлагадоўчай ферме па ўтрыманні маладняку буйной рагатай жывёлы. Сюды паступаюць цяляткі, старэйшыя за два месяцы...
Словам, увесь тэхналагічны ланцужок (ад вырошчвання маладняку да вытворчасці малака сортам “Экстра”) змаглі ўбачыць удзельнікі семінара. Не раз намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама Аляксей Жолцікаў, які курыруе аграпрамысловы комплекс раёна, звяртаў увагу кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Бярозаўшчыны на розныя моманты ў арганізацыі работы комплексу, тым самым яшчэ раз падкрэсліваючы важнасць захавання ўсіх тэхналагічных патрабаванняў. Многа пытанняў паступіла ад гасцей. Тычыліся яны і кошту абсталявання, і рацыёну харчавання жывёлы, прафілактыкі і лячэння яе ад розных інфекцыйных захворванняў, арганізацыі кантролю за якасцю малака і праверкі яго на наяўнасць саматычных клетак, ужывання ў корм жывёлы мікрадабавак і многага іншага. На ўсе пытанні  старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук і кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Любушак  далі поўныя і кампетэнтныя  адказы. 
Наступным аб’ектам наведвання стала бульбасховішча на 3000 тон, якое поўнасцю гатова да прыняцця новага ўраджаю.  Тут удзельнікаў семінара сустракаў галоўны аграном гаспадаркі Дзяніс Вішнеўскі. Вырошчванню другога хлеба ў СВК  надаецца асаблівая ўвага. І дзякуючы гаспадарчаму падыходу пры сярэдняй бальнасці пашняў у 26,2 бала  ўраджайнасць гэтай культуры тут адна з самых высокіх на Брэстчыне. Толькі за мінулы год яна склала 317,4 цэнтнера з гектара. Галоўны аграном расказаў прысутным пра тэхналогію вырошчвання бульбы, адказаў на пытанні. 
Чысцінёй і парадкам сустрэў гасцей   машынна-трактарны парк гаспадаркі. Удзельнікі семінара  наведалі  майстэрні і ацанілі ўмовы працы механізатараў.  Адразу бачна, што пытанні бяспекі і  аховы працы ў СВК “Святая Воля” на асобым кантролі. Хутка ўборка збожжавых. Да яе ў гаспадарцы падрыхтаваліся загадзя, што дазволіць правесці ўборачную кампанію, як і заўсёды, на высокім узроўні і пад знакам якасці.
У гэты дзень  удзельнікі семінара наведалі яшчэ і мясцовы праваслаўны храм. Настаяцель  Свята-Крыжаўзвіжанскай праваслаўнай царквы айцец Мікалай расказаў, як вядзецца будаўніцтва на тэрыторыі храма, падзякаваў старшыні СВК “Святая Воля” за падтрымку і дапамогу, а таксама  пажадаў удзельнікам семінара  поспехаў у  працы на зямлі.  
Аляксандра ДЖЭЖОРА.
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).
Комментарии (0)
Добавить комментарий