Шчырая размова на хвалюючыя тэмы

15 марта 2016 - Administrator
article2302.jpg

 Розныя эканамічныя і сацыяльныя пытанні абмяркоўваліся падчас сустрэчы старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Леаніда Анфімава з калектывам ААТ “Івацэвічдрэў”, якая прайшла 11 сакавіка ў рамках работы рэспубліканскай інфармацыйнай групы. Аднак найперш самыя хвалюючыя пытанні па рабоце дрэваапрацоўчага прадпрыемства Леанід Анфімаў задаў генеральнаму дырэктару Уладзіміру Шульзе падчас наведвання старой і новых пляцовак ААТ “Івацэвічдрэў”. У сустрэчы прынялі ўдзел таксама старшыня Камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці Дзмітрый Баско, старшыня Баранавіцкага міжраённага Камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці Алег Данілаў і старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Уладзімір Ткачук.


Спачатку на старой пляцоўцы прадпрыемства рабочая група наведала здраўпункт і высока ацаніла ўмовы, створаныя для падтрымання здароўя калектыву прадпрыемства. Пытанні па рабоце ў сённяшніх складаных эканамічных умовах прысутныя абмеркавалі падчас экскурсіі па выставачнай зале ААТ “Івацэвічдрэў”, – тут размешчаныя ўзоры драўляна-стружкавых пліт і мэблі, якую сёння выпускае прадпрыемства. Леанід Анфімаў пацікавіўся аб’ёмамі вытворчасці і асноўнымі накірункамі экспарту прадукцыі.

 – Нягледзячы на ўсе эканамічныя складанасці мінулага года, нам удалося захаваць аб’ёмы вытворчасці і забяспечыць поўную загрузку магутнасцей у 2015, – адзначыў генеральны дырэктар ААТ “Івацэвічдрэў” Уладзімір Шульга. – Мы выпускаем каля 300 тысяч кубаметраў ДСП, у нас 8 відаў цясненняў і 120 тэкстур, і гэта вельмі шырокі дыяпазон пліты. Змяніўся і наш рынак у апошні час. Калі яшчэ ў мінулым годзе амаль 60 працэнтаў экспарту накіроўвалася ў Расію, то зараз гэтая лічба паменшылася ўдвая. Мы шукаем новых партнёраў, так, каля 30 працэнтаў экспарту накіроўваецца ў Польшчу. І ёсць яшчэ патэнцыял у гэтай краіны. Яшчэ 40 працэнтаў экспарту – за іншымі краінамі свету.

Ва ўмовах той жа жорсткай канкурэнцыі працуе прадпрыемства і па яшчэ адным, новым напрамку дзейнасці – мэблевым. Каля тысячы буйных і мелкіх мэблевых прадпрыемстваў працуюць ў краіне. На ААТ “Івацэвічдрэў” ужо выраблена мэблі на 4 мільярды рублёў, і прадукцыя прадаецца па ўсёй краіне. Як адзначыў Уладзімір Шульга, каб зацвердзіць свае пазіцыі на гэтым рынку, у вытворчасці мэблі трэба згуляць на спалучэнні цаны і якасці. 
Група наведала яшчэ цэхі лесапілавання і мэблевых дэталей, а таксама склады на старой пляцоўцы, цэх па вытворчасці ДСП, цэхі смол, ламінавання і насычэння на новай пляцоўцы.

У актавай зале сабралася каля двух соцень работнікаў. З аналізу сучаснага эканамічнага становішча краіны пачаў Леанід Анфімаў, а пасля прысвяціў час пытанням змяненняў тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, а таксама павышэнню пенсійнага ўзросту. 
Апошняя тэма вылілася ў дыялог паміж работнікамі і прадстаўнікамі ўлады. Інжынер-энергетык Святлана Ляцецкая цікавілася, ці не прывядзе павышэнне пенсійнага ўзросту да дэфіцыту працоўных месцаў для моладзі. Леанід Анфімаў упэўніў, што сёння вядзецца работа па павышэнні колькасці працоўных месцаў. Вузкае прафесійнае пытанне, якое краналася ўмоў і асаблівасцей работы прадпрыемства з пэўнымі фірмамі-пасрэднікамі, цікавіла намесніка начальніка аддзела продажу Івана Сароку.

З чатырма пытаннямі вярнуліся да старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю РБ падчас прыёму грамадзян, які адбыўся пасля сустрэчы з калектывам. Спрэчныя моманты ў прыватызацыі жылля, будаўніцтва ў раёне арэнднага жылля і парадак выдзялення пакояў у інтэрнаце прадпрыемства – аб гэтым пыталіся людзі. Прагучала пытанне і аб якасці дарог у райцэнтры.
Некаторыя праблемы супрацоўнікаў прадпрыемства ўдалося вырашыць ужо падчас прыёму, найбольш складаныя пытанні Леанід Анфімаў узяў пад асабісты кантроль.      
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий