Сяброўства не дзеля карысці

11 апреля 2017 - Administrator
article3076.jpg

 На мінулым тыдні наш раён наведала дэлегацыя з Ліхаслаўльскага раёна Цвярской вобласці Расійскай Федэрацыі на чале з кіраўніком Ліхаслаўльскага раёна Наталляй Вінаградавай. Трохдзённы візіт адбыўся ў рамках заключанага раней пагаднення аб устанаўленні партнёрскіх адносінаў паміж Івацэвіцкім райвыканкамам і адміністрацыяй Ліхаслаўльскага раёна. Адметна, што напярэдадні сустрэчы ў нашай краіне адзначаўся Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.  Устанаўленне  ж  партнёрскіх адносінаў паміж раёнамі-пабрацімамі яшчэ і добрая нагода для больш плённага супрацоўніцтва  паміж брацкімі народамі.


Падчас візіту госці наведалі шэраг сацыяльных, прамысловых і турыстычных аб’ектаў раёна, пазнаёміліся з арганізацыяй рабочага працэсу на прадпрыемствах і ў арганізацыях, мелі магчымасць пагутарыць з працоўнымі калектывамі, адным словам,  убачыць на свае вочы,  як і чым жыве Івацэвіцкі край. Сельскія і гарадскія школы, цэнтральная раённая бальніца, сельвыканкамы, жывёлагадоўчыя комплексы, заводы і аб’екты турызму – усё было цікава расіянам. І шчыра кажучы, тое, што яны ўбачылі, іх прыемна ўразіла.

 – Найперш уразілі людзі, – расказала кіраўнік Ліхаслаўльскага раёна Наталля Вінаградава. – Сваімі адносінамі да працы, сваім стаўленнем да падтрымання парадку на роднай зямлі, гасціннасцю і добразычлівасцю. Уразілі сучасныя заводы – ААТ “Івацэвічдрэў”, спіртзавод, кукурузакалібровачны… А сучасная вытворчасць – моцная вытворчасць. Уразіла тое, як наладжаны вытворчы працэс у ААТ “Святая Воля”, якія ўмовы створаны тут для работнікаў, самі людзі, якія тут працуюць, з якой адданасцю і любоўю займаюцца яны сваёй справай.  Адметна, што жыхары раёна на месцы могуць атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, у вас ёсць вузкія спецыялісты і неабходнае абсталяванне для розных форм абследаванняў. У цэлым хачу сказаць, што ў сацыяльнай сферы, эканоміцы працуюць моцныя кіраўнікі, сапраўдныя думаючыя гаспадарнікі.   

Многа цёплых і добрых слоў у адрас жыхароў Івацэвіцкага раёна гучала ад гасцей і  падчас падвядзення вынікаў візіту ў малой зале райвыканкама. Кіраўнік Ліхаслаўльскага раёна Наталля Вінаградава, яе першы намеснік Сяргей Капытаў, а таксама кіраўнік спраў адміністрацыі Вольга Громава дзякавалі за цёплы прыём і выказалі спадзяванне на далейшае плённае супрацоўніцтва паміж раёнамі-пабрацімамі, запрасілі ў госці з візітам у адказ. У сваю чаргу старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук выказаў упэўненасць, што ўстанаўленне партнёрскіх адносінаў паміж Івацэвіцкім і Ліхаслаўльскім раёнамі – гэта сяброўства не дзеля карысці. Галоўная задача – пераняць  
вопыт і наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва ў розных сферах. 
За “круглым сталом” бакі абмеркавалі планы на бліжэйшую перспектыву.  Кіраўнікі раёнаў абмяняліся памятнымі падарункамі.
Аляксандра ДЖЭЖОРА.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий