У час жніва – асаблівая ўвага ўмовам і бяспецы

17 июля 2015 - Administrator
article1825.jpg

 Напярэдадні масавай уборкі збожжавых надаецца асаблівая ўвага пытанням забеспячэння і стварэння бяспечных умоў працы на рабочых месцах, у полі, транспартнай і пажарнай бяспецы на аб’ектах аграпрамысловага комплексу раёна.

Раённы дзень аховы працы ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах і арганізацыях, які праводзіўся 13 ліпеня на базе СВК “Любішчыцы”, – чарговае таму пацвярджэнне. У рабоце мерапрыемства прымалі ўдзел старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук, загадчык аддзела гігіены працы ДУ “Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя” Раман Чатырбок, начальнік міжраённага аддзела Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Віктар Супруновіч, кіраўнікі адпаведных службаў і ўпраўленняў і  іншыя адказныя асобы.
 
Дакладчыкі адзначалі, што ў СВК “Любішчыцы” назіраецца прыкметнае паляпшэнне сітуацыі з навядзеннем парадку і стварэннем умоў працы для людзей на малочнатаварных фермах, у мехмайстэрнях. І ўдзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць 
упэўніцца ў гэтым, пагля-дзеўшы ўсё сваімі вачыма. Але ў цэлым у сельгаспрадпрыемствах раёна пытанням аховы працы надаецца недастатковая ўвага. Амаль усе кантралюючыя службы, як то па ахове працы, МНС, ДАІ, адзначалі, што парушэнняў выяўляецца дзясяткі, а корань іх хаваецца ў неўкамплектаванасці прафесійнымі кадрамі. З 18 работнікаў па ахове працы на пяць ускладзены абавязкі па ахове працы, 55 працэнтаў спецыялістаў, якія працуюць інжынерамі па ахове працы, – жанчыны. У большасці пытаннямі бяспекі працы займаюцца людзі, якія не маюць адпаведнай адукацыі і вопыту. Праблемным застаецца пытанне павышэння кваліфікацыі,   перападрыхтоўкі на базе вышэйшай адукацыі, назіраецца цякучасць кадраў гэтай катэгорыі работнікаў. Калі не пераламіць сітуацыю з кадрамі, паляпшэння сітуацыі ў той ступені, як таго патрабуе час, чакаць не прыходзіцца.
 
З другога боку, як адзначыў Віктар Супруновіч,  ахова працы – гэта абавязак не толькі інжынера па ахове працы, а ўсіх спецыялістаў арганізацыі, у тым ліку і кіраўніка. Пакуль рэаліі такія, што некаторыя кіраўнікі СВК не з патрэбнай адказнасцю ставяцца да пытанняў бяспекі працы. 
 
Як дадатны прыклад прыводзіўся СВК “Святая Воля”, дзе накіроўваюцца  значныя сродкі на ахову працы і нават грамадскія інспектары па ахове працы гаспадаркі атрымліваюць прэміі, калі за год не выяўлена парушэнняў у гэтым кірунку.
У мінулым годзе па раёне на ахову працы зрасходавана 1.896 млн. рублёў, што на 14 працэнтаў больш, чым у папярэднім годзе. Сёлета на гэтыя мэты накіравана 1 млрд. 77 млн. рублёў. Тым не менш, па ахове працы выяўлена 573 парушэнні, выдадзена 140 прадпісанняў. Выпраўлена 539 парушэнняў.
 
У гаспадарках раёна маюцца кабінеты і куткі па ахове працы, якія забяспечаны нарматыўна-прававымі актамі, плакатамі па ахове працы, нагляднымі дапаможнікамі. На МТФ “Сежна” СВК “Любішчыцы” ёсць плакаты па тэхніцы бяспекі менавіта для работнікаў ферм. Пакуль у раёне толькі гэтай ферме ўдалося здабыць такія рэдкія наглядныя матэрыялы.
Падчас пленарнага пасяджэння завастралася ўвага на тым, што медыцынскі агляд вадзіцеляў павінен арганізоўвацца і перад выездам і пасля рэйсаў. Для гэтай мэты гаспадаркі раёна набылі 34 алкатэстары, але ў філіяле “Дабромысль” алкатэстар не спраўны, а ў СВК “Любішчыцы”, “Косава”, “Пагор’е”,  ДП эб “Майск” маецца толькі па адным алкатэстары. Станоўчая тэндэнцыя зніжэння выпадкаў затрымання п’яных за рулём назіраецца з мінулага года: сем чалавек у 2014 годзе і два парушальнікі затрыманы сёлета.
 
Сярод прафілактычных мер важнае значэнне маюць абавязковыя медыцынскія агляды ўсіх работнікаў раз у год. Але і тут ёсць прабелы і недапрацоўкі ў тым, што або не ўсе работнікі прайшлі агляд медыкаў, або арганізацыя не заплаціла за правядзенне медыцынскіх аглядаў ці вакцынацыю. Запазычанасць складае адпаведна 63,6 млн. рублёў і 14,1 млн. рублёў.
На тэрыторыі вобласці за 6 месяцаў бягучага года адбылося 12 выпадкаў з цяжкімі наступствамі для здароўя людзей, адзін выпадак закончыўся смерцю, казаў Сяргей Собка, галоўны інжынер-інспектар па ахове працы ўпраўлення райсельгасхарчу. За гэты ж перыяд у сельгаспрадпрыемствах раёна здарылася два няшчасныя выпадкі і адзін пажар.
 
Начальнік раённай службы МНС Васіль Бацкалевіч падкрэсліў, што пазбегнуць бяды можна, калі выконваць супрацьпажарныя патрабаванні. Кожны камбайн перад уборкай павінен быць прыняты камісійна, падчас работы ачыстку яго неабходна праводзіць 2-3 разы за змену. Камбайнеры ўсе павінны прайсці навучанне па пажарна-тэхнічным мінімуме і праходзіць перадрэйсавы кантроль. Аляксандр Грыцук, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу, упэўнены, што парадак у СВК пачынаецца з санітарыі і культуры вытворчасці. Дзе гэтым пытанням надаецца ўвага, там адразу відаць, а дзе кіраўнікі не праяўляюць прынцыповасці, там беспарадак не заўважаюць. Не дастаткова прынцыпова адносяцца кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый да стварэння належных умоў працы, асабліва гэта тычыцца стварэння бяспечных умоў для людзей, якія працуюць з ядахімікатамі, на рабочых месцах з перавышэннем шуму і вібрацыі. З правераных рабочых месц у 20 працэнтаў выпадкаў адзначаны парушэнні.
 
Надавалася ўвага падчас пасяджэння пытанням арганізацыі гарачага харчавання і з боку прафсаюзнага лідара аграпрамысловага комплексу раёна Мікалая Палто. Завастралася неабходнасць заахвочвання перадавікоў на жніве.
Падчас падвядзення вынікаў раённага дня аховы працы СВУ “Даманава”, пераможцу раённага агляду-конкурсу па ахове працы сярод сельскагаспадарчых арганізацый, уручаны дыплом.
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий