У цэнтры ўвагі – пытанні навядзення парадку

30 июня 2017 - Administrator
article3263.jpg

 28 чэрвеня ў вялікай зале райвыканкама адбылося пасяджэнне дваццаць першай сесіі Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання. У рабоце сесіі прынялі ўдзел намеснікі старшыні райвыканкама, кіраўніцтва аддзелаў і службаў райвыканкама, старшыні гарсельвыканкамаў, дэпутаты райсавета. Вёў пасяджэнне старшыня райсавета Аляксандр Сарока.


Падчас пасяджэння было разгледжана пяць пытанняў: “Аб рабоце прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна па добраўпарадкаванні тэрыторый, якія ім належаць, і стварэнні спрыяльных умоў для работы, быту і адпачынку членаў калектываў”, “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў  у рашэнне Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў ад 26 снежня 2016 года №110”, “Аб унясенні зменаў у рашэнне Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў ад 15 студзеня 2016 года №78”, “Аб змене межаў сельскіх населеных пунктаў Івацэвіцкага раёна” і “Аб Пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Сходам дэпутатаў Ліхаслаўльскага раёна і Івацэвіцкім раённым Саветам дэпутатаў”. 

Па першым пытанні дакладвалі Людміла Куцко, першы намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, і Аляксандр Ковыш, галоўны дзяржаўны  санітарны ўрач раёна. Выступоўцы  падрабязна прааналізавалі стан спраў на шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый раёна па забеспячэнні  бяспечных умоў і аховы працы, спыніліся як на станоўчых прыкладах, так і на адмоўных момантах.  Выступленне суправаджалася паказам слайдаў.  Падрабязна была разгледжана дзейнасць у дадзеным кірунку такіх прадпрыемствах, як ААТ “Івацэвічдрэў”, ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас”, ДЛГУ “Целяханскі лясгас”, філіял №2 СТАА “Профітсістэм”, ЗТАА “Быценскі дрэваапрацоўчы завод”, УП “Група СТС”, УП “Івацэвіцкая ПМК-18”, філіял “Івацэвіцкае ДРБУ-178” КУП “Брэстаблдарбуд”, ААТ “Даманаўскі ВГК” і ДП “Э/б “Майск”.

Таксама перад прысутнымі  выступілі Васілій Шчурко, дырэктар філіяла “Івацэвіцкі спіртзавод” ААТ “Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод “БелАлка”, дэпутат райсавета па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №12. Ён расказаў, якія ўмовы для працы і адпачынку створаны на прадпрыемстве, як калектыў праводзіць культурна-масавыя мерапрыемствы, як арганізавана работа па падтрымцы парадку на тэрыторыі. Пра важнасць работы грамадскіх інспектараў па ахове працы казала ў сваім выступленні старшыня Івацэвіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ірына Краўчук. Прафсаюзны лідар адзначыла, што ад таго, якія ўмовы створаны для работы на прадпрыемстве, як арганізаваны вольны час працуючых і як кіраўніцтва клапоціцца пра здароўе сваіх работнікаў, напрамую залежыць агульны вынік. Аб важнасці  работы грамадскіх інспектараў  гаварыў і начальнік Івацэвіцкага раёна газазабеспячэння ПУ “Бярозагаз”, дэпутат райсавета па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №9 Юрый Вайтовіч, які падрабязна расказаў удзельнікам сесіі  аб тым, як арганізавана работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі і стварэнні добрых умоў працы на прадпрыемстве, дзе ён кіруе. У бліжэйшы час тут плануецца ўкараніць на практыцы вобыт замежных калег па рабоце грамадскіх інспектараў, прычым плануецца заахвочваць такіх людзей па выніках квартала.

Як падкрэсліў старшыня райсавета Аляксандр Сарока, важна да кожнай справы падыходзіць грунтоўна, не ўпускаючы ні адну дробязь. Асабліва, калі гэта тычыцца навядзення парадку на зямлі і стварэння спрыяльных і бяспечных умоў працы для людзей. Адразу бачна, калі на прадпрыемстве парадак. Пры гэтым ён будзе ўсюды: і на тэрыторыі, і ў памяшканнях, і ў вядзенні дакументацыі… Важна,  каб кожны кіраўнік усвядоміў, што належны клопат пра свой працоўны калектыў – гэта паспяховае развіццё  прадпрыемства і рост дабрабыту людзей.
Па ўсіх разгледжаных пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.
Аляксандра Джэжора.
Комментарии (0)
Добавить комментарий