У цэнтры ўвагі – развіццё турызму

9 сентября 2016 - Administrator
article2676.jpg

 Удзел органаў самакіравання Івацэвіцкага раёна ў развіцці турызму, узнаўленні гістарычных месцаў абмяркоўваўся падчас выязнога пасяджэння дэпутатаў Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў 2 верасня. Раён наведалі восем прадстаўнікоў пастаяннай камісіі па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны насельніцтва на чале са старшынёй камісіі, галоўным урачом УАЗ “Брэсцкая абласная бальніца” Аляксандрам Карпіцкім. 

Камісія пачала работу ў малой зале райвыканкама з інфармацыйнай часткі мерапрыемства. Адкрыў пасяджэнне старшыня камісіі Аляксандр Карпіцкі, а за ім слова ўзяў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, які распавёў прысутным пра Івацэвіцкі раён і яго прамысловы, культурны і турыстычны патэнцыял. А больш падрабязна пра расклад спраў у сферы турызму раёна дакладваў начальнік сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей  Глушэня. Яго даклад суправаджаўся паказам прэзентацыі “Івацэвіцкі раён. Турызм. Узнаўленне гістарычных месцаў” (на здымку 1). Дзе сцісла, а дзе больш падрабязна спецыяліст расказаў пра тыя месцы ў раёне, якія добра вядомы яго жыхарам, а ў некаторых выпадках далёка за межамі рэгіёну – ад палаца Пуслоўскіх да мемарыяльнага комплексу партызанскай славы “Хаваншчына”. Нагадаў пра мерапрыемства, якое можа стаць брэндавым для раёна – “Выганашчанскую фартэцыю”. Распавёў пра экалагічныя сцяжыны, паляўнічыя гаспадаркі, музеі... Асобна спыніўся на спартыўным турызме і інвест-праектах. 

Сяргей Глушэня падкрэсліў, што ў раёне ёсць добрыя ўмовы для развіцця турызму: прыродны патэнцыял і развітая транспартная, дарожная інфраструктура – тут перасякаюцца пяць аўтатрас рэспубліканскага значэння, знаходзяцца тры чыгуначныя станцыі. На дарогах рэспубліканскага значэння размясціліся 14 пунктаў грамадскага харчавання, дзе сярод іншага наладжаны продаж сувенірнай прадукцыі. Турыстаў рады вітаць 12 аграсядзіб, кожная з якіх мае свой каларыт. Стаўку на турызм у раёне зрабілі некаторыя інвестары, якія сёння ўкладваюць грошы ў будаўніцтва аб’ектаў менавіта турыстычнай інфраструктуры. Так, на месцы старога магазіна ў в. Гошча прадпрымальнік з Брэста пабудаваў домік рыбака і паляўнічага. У Косаве ТДА “Компас” на месцы старога будынку вучэбна-вытворчага камбіната будуе базу адпачынку, а індывідуальны прадпрымальнік з Масквы таксама ў Косаве распачаў будаўніцтва гасцінічнага комплексу непадалёк ад палаца Пуслоўскіх. Яшчэ адна база адпачынку ствараецца ТАА “Гасцявы дом” (г. Мінск) ля возера Вулькаўскае, на месцы былога піянерскага лагера. У вёсцы Волька старая пачатковая школа ў хуткім часе мусіць стаць аб’ектам агратурызму. ПГУП “Вкус-НІКА” будуе гасцінічны комплекс у Івацэвічах каля Лядовай арэны. Яго адкрыццё стане добрай падставай для развіцця спартыўнага турызму, бо з’явяцца ўмовы для пражывання прыезджых спартсменаў. У вёсцы Чамялы з’явіцца аграсядзіба “На краі сяла” –  дзецішча фермерскай гаспадаркі. Як бачна, турыстычны патэнцыял раёна прывабны для прадпрымальных людзей. Дзякуючы намаганням раённай ўлады знойдзены інвестары і “другое жыццё” атрымалі аб'екты дзяржаўнай уласнасці, якія да гэтага пуставалі. 

Паколькі сярод членаў камісіі, якая наведала раён, былі пераважна прадстаўнікі медыцыны (сярод якіх і галоўны ўрач УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Васілій Юзэфовіч), да Сяргея Глушэні прагучала пытанне пра супрацоўніцтва з урачамі: ці накіроўваюць яны пацыентаў на плаванне ў басейн і ці ёсць скідкі для людзей, якім плаванне рэкамендавана доктарам па стане здароўя. Урачы сапраўды раяць наведваць басейн шэрагу пацыентаў. Скідак пры аплаце для іх не прадугледжана, але прапанова прызнаная цікавай, і будуць шукацца шляхі для яе ўкаранення. Другая частка пася-
джэння была практычнай – гасцям было прапанавана наведаць шэраг аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры раёна, каб убачыць на свае вочы, пачуць ад людзей на месцах, што зроблена ўладай для іх эфектыўнага функцыянавання. А таксама каб даведацца аб праблемах, якія характэрныя для некаторых нашых аб’ектаў, каб потым дапамагчы з імі справіцца ў межах сваіх дэпутацкіх паўнамоцтваў. Першым чынам наведалі гасцінічны комплекс “Гасціны двор” у Няхачаве, які адкрыўся на базе былой паштовай станцыі, унесенай ў пералік гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Азнаямленчая экскурсія – і пераезд у Косава, дзе гасцей сустракала старшыня Косаўскага гарвыканкама Марыя Люндышава. Наведалі мемарыяльны музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі, а таксама палац Пуслоўскіх, дзе для іх правялі экскурсіі (на здымку 2). Веда-
юць жыхары раёна пра тое, што вядзецца рэканструкцыя палаца, якая апошнім часам збавіла тэмп з-за сціплага фінансавання (рэкан-
струкцыя вядзецца за кошт абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў). Ёсць надзея, што пры планаванні абласнога бюджэту на наступны год будзе прынята ва ўлік тое, што сродкі на працяг рэканструкцыі павінны быць абавязкова закла-дзены, бо іншы крок быў бы згубны для архітэктурнага аб’екта, рэканструкцыя якога ўжо прайшла кропку незвароту. Дэпутаты ацанілі вялізны аб’ём работ і пагадзіліся з тым, што справу варта давесці да канца. 

Наступны аб’ект, які наведалі дэпутаты, – ДУА “Косаўская сярэдняя школа”, у якой сёння вучацца 360 дзяцей з Косава і дзевяці бліжэй-
шых да горада населеных пунктаў раёна. Школа працуе як пляцоўка па стварэнні рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра з верасня мінулага вучэбнага года, і час працы ў рэжыме змены статусу навучальнай установы прынёс рэзультаты – чатыры першыя месцы ў конкурсах і акцыях рэспубліканскага ўзроўню, Гран-пры міжнароднай алімпіяды мастацтваў і іншыя. На статус рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра прэтэндуюць толькі 20 устаноў адукацыі з усёй краіны і толькі тры школы з Брэсцкай вобласці – сярэднія школы з Жабінкі, Драгічына і наша, Косаўская. Дэпутаты наведалі ў школе дзве выставачныя залы краязнаўчага музея, якім навучальная ўстанова сапраўды можа ганарыцца. 

Затым дэлегацыя наведала будоўлю базы адпачынку ў Косаве – той самай, што месціцца на тэрыторыі былога Косаўскага вучэбна-вытворчага камбіната. Пра справы на будоўлі распавёў дырэктар ТДА “Компас” Сяргей Калейчык. Калі дакладна база запрацуе, сказаць цяжка – усё залежыць ад наяўнасці сродкаў. Наперадзе вялікі аб’ём работ, але многае ўжо зроблена. Адначасова вядзецца рамонт асноўнага двухпавярховага будынка з гасцінічнымі нумарамі і вялікай залай для правядзення мерапрыемстваў, добраўпарадкаванне тэрыторыі, будаўніцтва лазні.  
Падводзячы вынікі пасяджэння, члены камісіі зышліся ў меркаванні, што поспех многіх турыстычных аб’ектаў грунтуецца на энтузіязме людзей, якія маюць да іх дачыненне, на падтрымцы органаў мясцовага кіравання. Яны адзначылі прафесіяналізм і дасведчанасць людзей, якія правялі для іх экскурсіі, дзякавалі мясцовым уладам за высокі ўзровень правядзення мерапрыемства. Дэпутаты атрымалі адказы на свае пытанні і возьмуць на заметку інфармацыю, атрыманую падчас паездкі. 
Падрыхтавала Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, 
фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий