Уборачную кампанію – пад знакам якасці

29 июня 2015 -
article1784.jpg

 26 чэрвеня адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, падчас якога было разгледжана тры пытанні. Вёў пасяджэнне старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук.  У цэнтры ўвагі павесткі дня – падрыхтоўка сельгаспрадпрыемстваў раёна да ўборачнай кампаніі. 

Як падкрэсліў кіраўнік раёна, перыяд уборкі ўраджаю заўсёды быў самай адказнай справай для аграрыяў. Кіраўнікам гаспадарак трэба спланаваць работу так, каб ўборачная кампанія  ў раёне прайшла зладжана, паспяхова і што не менш важна – пад знакам якасці. Гатоўнасць тэхнікі, забяспечанасць неабходнымі кадрамі, стварэнне спрыяльных умоў для работнікаў, выкананне ўсіх патрабаванняў па ахове працы, – гэта асноўны мінімум таго, што дапаможа правесці кампанію своечасова і якасна. І ужо сёння кіраўнікі гаспадарак павінны прадугледзіць усе магчымыя цяжкасці, якія могуць ўзнікнуць, і ведаць, што будуць рабіць у той ці іншай сітуацыі.


Галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Людміла Юнчык выступіла з дакладам па пытанні “Аб гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый раёна да ўборкі зерневых культур ураджая 2015”. Яна праінфармавала прысутных  аб сітуацыі ў раёне напярэдадні жніва.


У мэтах атрымання запланаванага аб’ёма зерня ў сельгасгаспадарках раёна восенню мінулага года азімыя зерневыя культуры былі пасеяны на плошчы 13570 гектараў, з іх пшаніцы – 2204 гектары, трыцікале – 8147 гектараў, жыта – 3119 гектараў і азімага ячменю – 100 гектараў. Яравых зерневых і зернебабовых культур пад ураджай 2015 года пасеяна 12096 гектараў, у тым ліку яравой пшаніцы – 1844 гектары, ячменю – 3382 гектараў, аўса – 595 гектараў, проса – 440 гектараў, трыцікале – 300 гектараў, грачыхі – 92 гектары, зернебабовых – 2349 гектараў і кукурузы – 2894 гектары. Сёлета на ўборцы будуць працаваць 93 зернеўборачных камбайны. Нагрузка на кожны чакаецца 234 гектары зерневых і зернебабовых (без кукурузы) пры нарматыве 170 гектараў. На жаль, не ва ўсіх гаспадарках актыўна вядзецца падрыхтоўка  камбайнаў і зернесушыльнага абсталявання да жніва. 

Нізкімі тэмпамі работа ў гэтым кірунку вядзецца ў СВК “Горталь”, “Мічурынск”, “Косава”. “Любішчыцы”, ”Аброўскі”, “Пагор’е”, КУСП “Перамога” і ДП э/б “Майск”.


Аб стане спраў у гаспадарках і аб тым як вядзецца падрыхтоўка да ўборачнай кампаніі расказалі прысутным кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, якія былі запрошаны на пасяджэнне.

Усім кіраўнікам гаспадарак раёна пастаўлена першачарговая задача – выправіць недахопы і быць гатовымі да жніва.


Таксама падчас пасяджэння былі разгледжаны пытанні “Аб эфектыўнасці выкарыстання зямельных участкаў, якія выдзелены для вытворчых і іншых мэт суб’ектамі гаспадарання раёна, і разглядзе прадстаўлення пракуратуры Івацэвіцкага раёна аб  устараненні парушэнняў зямельнага заканадаўства, прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць гэтым парушэнням” і “Аб прымаемых мерах па выкананні задання па будаўніцтве і ўводу ў эксплуатацыю жылых дамоў, рэалізацыі інвестыцыйных мерапрыемстваў і планаў мадэрнізацыі прадпрыемствамі Івацэвіцкага раёна”.

Па ўсіх разгледжаных пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.

Аляксандра ДЖЭЖОРА.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий