Ва ўсім патрэбны гаспадарчы падыход

25 сентября 2017 - Administrator
article3437.jpg

 22 верасня ў малой зале райвыканкама адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім былі  разгледжаны наступныя пытанні: “Аб рабоце дзяржаўнай установы культуры “Івацэвіцкая раённая бібліятэчная сетка” і “Аб эфектыўнасці выкарыстання сельскагаспадарчых зямель фермерскімі гаспадаркамі раёна”. Вёў пасяджэнне старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук. 


Па першым пытанні дакладвала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Завадская. Яна прааналізавала дзейнасць бібліятэк раёна, акрэсліла шэраг задач, якія стаяць перад работнікамі бібліятэчнай сістэмы. Сярод іх – актывізацыя  работы з жыхарамі населеных пунктаў з мэтай інфармавання грамадзян аб новых сучасных паслугах бібліятэк, павелічэнне аўдыторыі наведвальнікаў, у тым ліку і за кошт віртуальных карыстальнікаў, якія ў апошні час актыўна наведваюць  сайт цэнтральнай раённай бібліятэкі. Дарэчы, праз сайт сёння  можна заказаць неабходную вам кнігу і яе даставяць  на дом поштай. Гэта платная паслуга з’явілася зусім нядаўна і дазваляе адказваць попыту чытача, нават калі заказанай кнігі няма ў бібліятэчным фондзе раённай бібліятэкі. Як адзначыла Святлана Васільеўна, сучасныя бібліятэкі павінны не толькі прадастаўляць традыцыйны спектр паслуг, а ўкараняць новыя, сучасныя, тым самым аб’ядноўваць мясцовых жыхароў у тэматычныя клубы па інтарэсах, творчыя гурткі і быць свайго роду эстэтычнымі і адукацыйнымі цэнтрамі, дзе чалавек зможа атрымаць неабходную інфармацыю, а калі трэба – і прававую кансультацыю. Таму не абмінулі пры  разглядзе пытання  тэму неабходнасці стварэння на базе бібліятэк публічных цэнтраў прававой інфармацыі. Што тычыцца далейшай аптымізацыі сеткі бібліятэк, то гэта пытанне знаходзіцца на пільным кантролі. Дасканала вывучаюцца ўсе складнікі, на першым месцы сярод якіх – запатрабаванасць насельніцтва і эфектыўнасць работы самой установы.  Як паказала жыццё, аб’яднанне мясцовых і школьных бібліятэк шляхам інтэграцыі мае станоўчы эфект і добрую эканомію бюджэтных сродкаў, таму працэс аптымізацыі будзе прадоўжаны.  Святлана Завадская таксама  ўказала на канкрэтныя недапрацоўкі ў арганізацыі работы шэрага бібліятэк раёна, завастрыла ўвагу на неабходнасці тэрміновага іх выпраўлення.

У рамках другога пытання размова вялася аб эфектыўнасці выкарыстання сельскагаспадарчых зямель фермерскімі гаспадаркамі, якіх у раёне налічваецца сёння 57. У карыстанне фермерскім гаспадаркам выдзелена 2221 га зямлі, з  якіх 2046 га – гэта сельскагаспадарчыя землі. Доля землекарыстання фермерскіх гаспадарак складае 2,4% ад зямель сельскагаспадарчых арганізацый раёна. Як адзначыла начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Наталля Радзівонава, якая дакладвала па гэтым пытанні, у асноўным фермерскія гаспадаркі спецыялізуюцца на вырошчванні гародніны. У апошні час назіраецца павышаная цікавасць да вырошчвання пладова-ягадных культур. Пастаянна землеўпарадкавальнай службай райвыканкама сумесна з іншымі зацікаўленымі структурамі і службамі ажыццяўляецца кантроль за эфектыўным выкарыстаннем сельскагаспадарчых зямель фермерскімі гаспадаркамі. І як паказваюць кантрольныя праверкі, сярод фермераў ёсць як дбайныя гаспадары, так і тыя, якія адносяцца да зямлі зусім не па-гаспадарску. Да такіх фермераў прымяняюцца адміністрацыйныя меры, аж да вяртання зямлі дзяржаве. 

Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук, і да фермераў, і да сельгасарганізацый раёна патрабаванне аднолькавае – беражна, якасна і эфектыўна выкарыстоўваць сельскагаспадарчыя землі. Усюды павінен быць гаспадарчы падыход. Па-іншаму нельга. І калі чалавек пачынае займацца фермерствам, то трэба гэта рабіць з поўнай адказнасцю і адданасцю справе. Старшыня райвыканкама  заслухаў шэраг кіраўнікоў фермерскіх гаспадарак. Размова адбылася ў форме адкрытага дыялогу. 
Па разгледжаных пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.
Аляксандра ДЖЭЖОРА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий