З увагай да кожнага...

26 мая 2017 - Administrator
article3180.jpg

 22 мая “прамую тэлефонную лінію” і асабісты прыём грамадзян правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Анатолій Ткачук (на здымку). 


Прыём пачаўся ў райцэнтры, з асабістымі пытаннямі да дэпутата звярнуліся спачатку жыхаркі аг. Гошчава Яўгенія Белая і Галіна Мультан. Пенсіянеркі гаварылі на прыёме ад імя людзей паважанага ўзросту, што жывуць у аграгарадку, і пытанне іх тычылася магчымасці адкрыцця дадатковага аўтобуснага маршрута Івацэвічы-Гошчава. Так, пажылыя людзі просяць пускаць дадатковы аўтобус адзін раз на тыдзень у абедзенны час, каб пенсіянеры маглі дабірацца ў Гошчава пасля асабістых спраў у горадзе, не чакаючы вячэрніх рэйсаў. Раней пытанне ўжо разглядалася на сходзе грамадзян у сельвыканкаме, на ім прысутнічаў дырэктар філіяла “Аўтамабільны парк №14 г. Івацэвічы” ААТ “Брэстаблаўтатранс” Лявонцій Зайко. На працягу месяца ў якасці эксперыменту такі маршрут працаваў і перавёз за чатыры рэйсы 117 пасажыраў, але каб апраўдаць сябе і быць мэтазгодным для аўтапарку, такі аўтобус павінен абслугоўваць у месяц хаця б 184 чалавекі, аб гэтым ішла размова і на сходзе. Таму з 11 мая эксперымент спынілі. У выніку вяскоўцы звярнуліся ў пошуках выйсця да дэпутата. На сустрэчы, дзе таксама прысутнічаў і Лявонцій Зайко, было вырашана пакуль працягнуць работу дадатковага маршрута яшчэ на месяц. Пытанне ўзята на кантроль.

Па дапамогу ў рашэнні пытання працаўладкавання сына да Анатолія Ткачука звярнулася жыхарка Івацэвічаў Яўгенія Карачун. Яе сына, выпускніка Белаазёрскага дзяржаўнага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі, чакае размеркаванне на першае працоўнае месца на Віцебшчыну. Аднак, у сувязі з пэўнымі захворваннямі, юнаку неабходна штомесяц звяртацца за рэцэптамі па льготныя лекі ў паліклініку па месцы рэгістрацыі. Такі далёкі ад’езд ад дому можа парушыць працэс лячэння, перажывае маці. Таму жанчына просіць для сына размеркавання ў Івацэвіцкі раён. 

Яшчэ два звароты ў райцэнтры паступілі да дэпутата па тэлефоне, адзін з іх тычыўся ўмоў жыцця ветэрана вайны, што пражывае ў Гошчаве. За дапамогай у падзеле суседніх зямельных участкаў да дэпутата звярнулася жыхарка Мілеек. Усе пытанні ўзятыя на кантроль дэпутатам і будуць разгледжаныя ў бліжэйшы час. 

Прыём прадоўжыўся ў сельскай мясцовасці, Анатолій Ткачук працаваў у той дзень у Святавольскім, Амяльнянскім і Аброўскім сельвыканкамах. Пытанні, што гучалі ад вяскоўцаў, у многім пераклікаліся: людзей турбуе рамонт і грэйдзіраванне вуліц і дарог, размяшчэнне штучных няроўнасцей (“ляжачых паліцэйскіх”) каля ўстаноў адукацыі, ачыстка меліяратыўных каналаў з мэтай спынення падтаплення ўчасткаў. Жыхары в. Амяльная цікавіліся ходам працэсу газіфікацыі населенага пункта. актуальнае сёння на сяле і пытанне працаўладкавання. Адразу два звароты ў Аброве тычыліся гэтай тэмы.

Усяго 14 зваротаў, асабістых і тэлефонных, паступілі падчас прыёмаў грамадзян да Анатолія Ткачука. Па некаторых пытаннях заяўнікі атрымалі кампетэнтнае тлумачэнне на месцы, некаторыя звароты патрабуюць дэтальнага разгляду. Аб канчатковых рашэннях па пытаннях грамадзяне будуць праінфармаваны асабіста.   
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий