Івацэвіцкім райаддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 339 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь («Асабліва злоснае хуліганства»). Справы па гэтай частцы ў раёне ўзбуджаюцца не так часта, бо яна прадугледжвае прымяненне зброі, іншых прадметаў у якасці зброі для прычынення цялесных пашкоджанняў. Пакаранне за такія дзеянні, што могуць прывесці да вельмі і вельмі сумнага выніку, прадугледжана наступная адказнасць: абмежаванне волі ад 3 да 5 гадоў ці пазбаўленне волі тэрмінам ад 3 да 10 гадоў.
Такое пакаранне цяпер «свеціць» аднаму жыхару райцэнтра, назавём яго В. С., які 7 мая запусціў шкляной бутэлькай з-пад піва ў аднаго з работнікаў Івацэвіцкага райспажыўтаварыства, што працаваў у тую ноч у кафэ «Вітаем Вас». Па словах сведак, мужчыне не спадабаўся той факт, што ўваход у кафэ ў той дзень быў платным, напэўна, ужо тады пацярпелы, які ажыццяўляў прапускны рэжым, не спадабаўся хулігану. Відаць, вечар быў доўгім ды вясёлым, бо а другой гадзіне ночы нецвярозы В. С. раптам успомніў пра свае крыўды і запусціў пустой бутэлькай з-пад піва ў пацярпелага.
Пацярпелы атрымаў адкрытую рану ніжняй губы, а ўсё магло б быць значна горш. На выклік прыехала міліцыя, а райаддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу. Такі рэзкі, нічым неабгрунтаваны ўчынак можа закончыцца для хулігана абмежаваннем ці пазбаўленнем волі. Між тым, В. С. – малады мужчына, ніколі не меў праблем з законам, жыве і працуе на адным з прадпрыемстваў райцэнтра. Усё ў яго жыцці быццам бы было добра, але сам для сябе ён арганізаваў праблемы.
Дарэчы, цёплы вясенне-летні сезон такі ж «гарачы» і для праваахоўнікаў: толькі за апошнія некалькі тыдняў канкрэтна ў кафэ «Вітаем Вас» гэта ўжо трэці падобны выпадак. Раю ўсім падчас адпачынку задумвацца над наступствамі падобных дзеянняў, якія толькі на першы погляд здаюцца нязначнымі і несур’ёзнымі.
Дзмітрый БЕГАЛЬ, следчы Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.