Павага і пашана — лепшым працаўніцам АПК Брэстчыны

5 сакавіка на базе Івацэвіцкага раёна праводзілася святочная сустрэча з жанчынамі, якія працуюць у АПК вобласці і ўнеслі значны ўклад у яго развіццё

 5 сакавіка на базе Івацэвіцкага раёна праводзілася святочная сустрэча з жанчынамі, якія працуюць у АПК вобласці і ўнеслі значны ўклад у яго развіццё

Мілыя, сціплыя, прыгожыя, святочна апранутыя жанчыны, якія не проста сваё жыццё прысвяцілі працы ў сельскай гаспадарцы, а дасягнулі самых высокіх рэзультатаў у гэтай галіне, у гэты дзень атрымалі магчымасць адпачыць і атрымаць асалоду ад увагі і пашаны, падораных букетаў цюльпанаў, а таксама адчуць святочнае набліжэнне Дня жанчын. 
 
Для іх, гераінь дня, былі самыя цёплыя словы падзякі за працу і віншаванні з надыходзячым святам ад Сяргея Ашмянцава, выканаўчага дырэктара Брэсцкага аграпрамысловага саюза, Людмілы Ляшук, намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама, Міхаіла Юхімука, старшыні Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Аляксандра Грыцука, старшыні Івацэвіцкага райвыканкама, Аляксандра Сарокі, старшыні Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў. 
Для іх, прадстаўніц цудоўнай палавіны чалавецтва, была святочна аформлена зала Івацэвіцкага ГДК, па баках якой красавала выстаўка работ таленавітых умельцаў Івацэвіччыны, ад якіх было не адарваць вачэй. 
 
Для іх, шчырых працаўніц, былі ўзнагароды. Пісьмы падзякі калектывам малочнатаварных комплексаў (МТК)  за самыя высокія дасягненні ў малочнай галіне вобласці атрымлівалі лепшыя аператары машыннага даення.  Надой ад каровы за мінулы год у 10 596 літраў малака, які дасягнуў калектыў МТК «Моладава» УП «Моладава-агра» Іванаўскага раёна – рэкорд вобласці. Аб такіх лічбах яшчэ колькі год таму і не марылася, а сёння ў цэлым па Брэстчыне надою ад кожнай каровы звыш 9000 літраў малака дасягнулі 16 калектываў. У ліку тых, хто быў запрошаны на ўшанаванне, былі і жанчыны-кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў вобласці, а такіх сем; жанчыны-спецыялісты сельскагаспадарчай вытворчасці, сярод якіх была прадстаўніца нашага раёна – брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі ААТ «Квасевічы» Наталля Кузьмініч; чатыры жанчыны-кіраўнікі выканаўчых органаў улады, Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза, Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. 
 
– У сельскай гаспадарцы вобласці сёння працуе звыш 50 тысяч чалавек, з іх кожны трэці работнік – жанчына. Вы ўнеслі і прадаўжаеце ўносіць значны ўклад у развіццё адной з вядучых галін народна-гаспадарчага комплексу – сельскай гаспадаркі, – казаў у сваім віншавальным слове Сяргей Ашмянцаў. – На ўсіх узроўнях улады ў нашай краіне да жанчыны асаблівыя адносіны. Вы прадстаўляеце лепшых жанчын аграпрамысловага комплексу вобласці  і па праву заслужваеце павагі і прызнання за сваю працу не толькі ў сваіх працоўных калектывах, а таксама ў рэгіёне і вобласці ў цэлым. 
 
Для іх, захавальніц сямейнага ачага, ладзіўся святочны, шчыры, з ноткай вясны і жаночай замілаванасці, канцэрт, падрыхтаваны салістамі Івацэвіцкага ГДК, артыстамі народнага тэатра Івацэвіцкага ГДК, салістамі, вакальнымі групамі і ансамблямі Косаў-
скай і Івацэвіцкай ДШМ, Даманаўскага і Падстарын-
скага СДК.
 Для іх, слаўных матуль, была арганізавана незабыўная экскурсія па аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны раёна: у палац Пуслоўскіх і мемарыяльны музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі. 
Для іх, проста жанчын, ладзіўся ўрачысты прыём у сувязі з Днём жанчын і на памяць, акрамя цудоўных уражанняў гэтага дня, засталося ў падарунак калектыўнае фота, зробленае ў гэты дзень.
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.