Удзел Прэзідэнта Беларусі ў форуме «Пояс і шлях» у Пекіне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25-27 красавіка ў Пекіне прыняў удзел у II Форуме міжнароднага супрацоўніцтва «Пояс і шлях». На палях саміту Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг сустрэч з замежнымі лідарамі.

У Пекін у гэтыя дні прыехалі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў з амаль 40 краін, уключаючы рэгіёны Азіі, Афрыкі, Еўропы, Лацінскай Амерыкі. Акрамя таго, на саміт прыехалі кіраўнікі шэрага міжнародных арганізацый, сотні высокапастаўленых гасцей, шматлікія прадстаўнікі розных сфер дзейнасці з усяго свету, журналісты. Акрамя падзей на вышэйшым узроўні ў Кітаі праходзяць і іншыя міжнародныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да форуму.

Першы міжнародны форум у рамках ініцыятывы «Пояс і шлях» прайшоў у Пекіне ў маі 2017 года. Удзел у ім тады прымаў і Прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка: Кітай заўсёды можа разлічваць на падтрымку Беларусі ў любой сферы

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.

«Сёння ў кантэксце абвастрэння гандлёвых супярэчнасцей і нежадання некаторых краін бачыць Кітай моцным асабліва бачна, хто з’яўляецца сапраўдным сябрам, як прынята гаварыць у Кітаі, усепагодным. У Беларусі ніколі не было і не будзе сумненняў у правільнасці выбраных вамі ініцыятыў. Кітай заўсёды можа разлічваць на нашу падтрымку ў любой сферы, як і мы заўсёды ўпэўнены ў падтрымцы з вашага боку», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рады сустрэчы з Сі Цзіньпінам і пажадаў паспяховага правядзення Другога форуму «Пояс і шлях». «Дзякуючы вам гэты фармат стаў карыснай і вельмі неабходнай пляцоўкай для рэгулярных сустрэч аднадумцаў», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Ён таксама асабіста павіншаваў Старшыню КНР і ўвесь кітайскі народ з юбілейнымі датамі: 40-годдзем палітыкі рэформ і адкрытасці, якое адзначалася ў мінулым годзе, і маючым адбыцца ў гэтым годзе 70-годдзем стварэння Новага Кітая. «У гэтых палітычных і эканамічных поспехах відавочна ваша роля як гаранта стабільнага курсу партыі і развіцця КНР у сучасным і непрадказальным свеце, які мяняецца літаральна на працягу сутак», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даў вельмі высокую ацэнку вынікам сумеснай работы па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва.

У 2018 годзе абарот тавараў і паслуг паміж Беларуссю і Кітаем дасягнуў амаль $4,5 млрд. Дзякуючы допуску на кітайскі рынак, Шанхайскаму імпартнаму ЭКСПА, загрузцы чыгуначных маршрутаў экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання ў Кітай за год вырас у 4,5 раза, у тым ліку малочнай прадукцыі — у 9 разоў.

У сваю чаргу Сі Цзіньпін падкрэсліў, што за мінулыя 6 гадоў з моманту абвяшчэння ініцыятывы «Пояс і шлях» супрацоўніцтва па яе сумеснай рэалізацыі ўвянчалася поспехамі. «Індустрыяльны парк «Вялікі камень» стаў адным з узорных праектаў нашага супрацоўніцтва», — сказаў Старшыня КНР.

Ён адзначыў, што гатовы разам з беларускім бокам скарыстацца магчымасцямі супрацоўніцтва ў рамках «Пояса і шляху» для пашырэння і паглыблення двухбаковых адносін на карысць народаў Беларусі і Кітая.

Сі Цзіньпін таксама адзначыў вялікія поспехі Беларусі ў справе дзяржаўнага будаўніцтва і эканамічнага развіцця.

У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў пасля завяршэння сустрэчы былі падпісаны дакументы аб развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Падпісана міжурадавае пагадненне аб міжнародных аўтамабільных перавозках пасажыраў і грузаў. Бакі таксама паставілі подпісы пад канцэпцыяй правядзення Форуму па рэгіянальным супрацоўніцтве і развіцці ў рамках ініцыятывы «Пояс і шлях».

Пасля цырымоніі падпісання двухбаковых дакументаў Сі Цзіньпін прадэманстраваў Аляксандру Лукашэнку макеты футбольнага стадыёна і басейна, якія кітайскі бок плануе падарыць Беларусі. Як паведамлялася БЕЛТА, бязвыплатнае выдзяленне кітайскім бокам сродкаў на будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту было прадугледжана пагадненнем аб тэхніка-эканамічнай дапамозе.

Пасля сустрэчы з Сі Цзіньпінам у Пекіне адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам Старшыні КНР Ван Цішанем, які асабліва падкрэсліў, што паміж лідарамі Беларусі і Кітая і краінамі ў цэлым устанавілася жалезнае братэрства, якое ніколі не ржавее. Ён таксама выказаў цёплыя словы ў адрас кіраўніка беларускай дзяржавы і ўспомніў іх сустрэчу ў час яго візіту ў Беларусь.

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу падзякаваў Ван Цішаню за добрыя словы. «Я ўспамінаю нашу сустрэчу ў Беларусі і вельмі рады, што дзякуючы нашаму агульнаму сябру Сі Цзіньпіну нам удалося пазнаёміцца», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што яго сустрэча ў Пекіне з Сі Цзіньпінам у большай ступені мела пратакольны характар з-за вялікай колькасці сустрэч Старшыні КНР з замежнымі лідарамі, якія прыбылі ў сталіцу Кітая для ўдзелу ў Другім форуме міжнароднага супрацоўніцтва «Пояс і шлях». Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бакам удалося не проста абазначыць галоўныя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва, але і падпісаць важныя міждзяржаўныя дакументы. «Усяго за час майго візіту, няхай нават на агульную канферэнцыю «Пояс і шлях», мы падпішам звыш 20 сумесных дагавораў і пагадненняў», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Вядома, мы не маглі многія пытанні абмеркаваць у час гэтай сустрэчы, але я яму (Сі Цзіньпіну. — Заўвага БЕЛТА) сказаў на заканчэнне, што сустракаюся з лепшым маім і яго сябрам (размова пра Ван Цішаня. — Заўвага БЕЛТА), і я яму ўсё раскажу аб беларуска-кітайскіх адносінах і не толькі», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У рамках візіту Прэзідэнта быў заключаны шэраг пагадненняў і дамоўленасцей у розных сферах. У іх ліку міжурадавае пагадненне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе, а таксама пагадненне паміж Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі і Галоўным мытным упраўленнем КНР аб узаемным прызнанні праграмы ўпаўнаважаных эканамічных аператараў Беларусі і праграмы Кітайскай Народнай Рэспублікі па кіраванні добрасумленнымі прадпрыемствамі.

Мемарандумы аб узаемаразуменні падпісалі Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Беларусі і Дзяржаўная адміністрацыя па рэгуляванні рынку КНР у галіне стандартызацыі, ацэнкі адпаведнасці, метралогіі і акрэдытацыі; а таксама Міністэрства аховы здароўя Беларусі і Дзяржаўнае ўпраўленне па справах аховы здароўя КНР. Заключаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі і Галоўным мытным упраўленнем КНР аб умацаванні партнёрства для паскоранага правядзення мытных аперацый адносна тавараў у рамках транс’еўразійскіх чыгуначных кантэйнерных перавозак.

Паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Галоўным мытным упраўленнем КНР падпісаны пратакол аб ветэрынарных і санітарных патрабаваннях па пастаўках у Кітай кармавых малочных прадуктаў.

Лукашэнка заклікае да каардынацыі дзеянняў краін на ўсёй працягласці «Пояса і шляху»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае да каардынацыі дзеянняў краін — удзельніц ініцыятывы «Пояс і шлях», каб максімальна садзейнічаць пашырэнню эканамічнага супрацоўніцтва і зняццю існуючых бар’ераў. Аб гэтым ён заявіў у сваім выступленні на II Форуме міжнароднага супрацоўніцтва «Пояс і шлях».

«Ініцыятыва «Пояс і шлях» дае магчымасць нам пераканацца ў мудрасці нашых продкаў, якія даўно ўсвядомілі, што развіццё асобна ўзятай краіны без узаемадзеяння з іншымі дзяржавамі практычна немагчыма. Сучасныя тэхналогіі робяць свет больш кампактным. Геаграфічная аддаленасць ужо не з’яўляецца такой перашкодай для выбудоўвання цеснага партнёрства, якой была ў часы стварэння Шаўковага шляху», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што з надыходам эры лічбавізацыі, якая прынесла новую хуткасць работы з інфармацыйнымі і грашовымі патокамі, лагічна было б чакаць істотнага прагрэсу і ў гандлі. Аднак на шляху руху тавараў усё яшчэ прысутнічаюць штучна створаныя тарыфныя, нетарыфныя, тэхнічныя, адміністрацыйныя бар’еры. «Калі мы хочам расшырыць наша эканамічнае супрацоўніцтва, надаць магутны імпульс развіццю эканомік, нам неабходна больш вынікова працаваць над устараненнем усіх відаў бар’ераў. Але рабіць гэта толькі на тэрыторыі асобна ўзятай дзяржавы — усё роўна што ў вялікім горадзе на адным скрыжаванні ліквідаваць аўтамабільную пробку. Ты проста хутчэй даедзеш да наступнай. Наша агульная задача — каардынацыя дзеянняў краін на ўсёй працягласці Пояса і Шляху», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь, праз якую ідуць таварныя патокі з усходу на захад і з поўначы на поўдзень, як ніхто іншы, зацікаўлена ў існаванні справядлівай, раўнапраўнай і празрыстай сістэмы міжнароднага гандлю.

Ён пералічыў тры пытанні, у якіх, на погляд беларускага боку, у бліжэйшы час належыць дабіцца практычнага выніку.

Па-першае, гэта фарміраванне лічбавых транспартных калідораў, перш за ўсё паміж Кітаем і Еўропай. Прымяненне сучасных спадарожнікавых навігацыйных пломбаў дае магчымасць зняць залішнія мытныя і іншыя надгляды, скараціць час руху кантэйнерных паяздоў амаль на тыдзень. «У Беларусі паспяхова ўжо вядуцца эксперыменты па ўкараненні такіх пломбаў. Прапануем спалучыць намаганні ўпаўнаважанага кіраўніцтвам Кітая аператара і нацыянальнага беларускага аператара для сумеснай рэалізацыі гэтага праекта», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Другое — скасаванне дазвольнай сістэмы міжнародных аўтамабільных перавозак, што стане дадатковым стымулам для развіцця транспартна-лагістычнай дзейнасці.

Па-трэцяе, актыўнае ўмацаванне ўзаемасувязі інфраструктур. «Патрэбны далейшая рэканструкцыя прыгранічных станцый, аўтамабільных і чыгуначных дарог, мастоў, стварэнне мультымадальных транспартных вузлоў. Узаемазвязаная інфраструктура — базавы элемент развіцця праз супрацоўніцтва», — упэўнены беларускі лідар.

«Ад нас залежыць, ці прытрымлівацца новых стандартаў эканамічнага супрацоўніцтва, ці ствараць новую вялікую сям’ю або вярнуцца да ўстарэлых геапалітычных манеўраў. Моцны пераадолее перашкоду, мудры — увесь шлях», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама пажадаў удзельнікам форуму сілы для пераадолення ўсіх перашкод, якія ўзнікаюць у сумеснай рабоце па будаўніцтве «Пояса і шляху», а таксама мудрасці, каб паспяхова рэалізаваць праекты гэтай глабальнай ініцыятывы на карысць народаў.

Сі Цзіньпін: неабходна сфарміраваць глабальнае партнёрства ў імя сумеснага развіцця і працвітання

Аб гэтым заявіў Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін на адкрыцці ў Пекіне ІІ Форуму міжнароднага супрацоўніцтва «Пояс і шлях».

Кітайскі лідар адзначыў важнасць сумеснай рэалізацыі ініцыятывы «Пояс і шлях», каб паглыбляць практычнае супрацоўніцтва перш за ўсё ў галіне ўзаемазвязанасці, разам процідзейнічаць рызыкам і выклікам у мэтах дасягнення ўзаемнай выгады і сумеснага развіцця.

Ужо запушчаны шэраг сумесных праектаў, паспяхова рэалізуюцца дамоўленасці, дасягнутыя ў 2017 годзе на першым такім форуме ў Пекіне. «На гэты момант больш за 150 краін і міжнародных арганізацый падпісалі з Кітаем пагадненне аб супрацоўніцтве ў рамках сумеснай рэалізацыі ініцыятывы. Ідзе яе спалучэнне з праграмамі развіцця і супрацоўніцтва ААН, АСЕАН, ЕС, ЕАЭС і іншых міжнародных і рэгіянальных арганізацый, нацыянальнымі стратэгіямі развіцця розных краін», — адзначыў Сі Цзіньпін.

Паводле яго слоў, адкрываюцца новыя гарызонты для эканамічнага росту ва ўсім свеце, а новыя магчымасці ствараюць унікальную платформу для міжнароднага гандлю і інвестыцый, павышэння дабрабыту народаў краін — удзельніц ініцыятывы.

«Сумесная рэалізацыя ініцыятывы «Пояс і шлях» адпавядае гістарычнаму павеву эканамічнай глабалізацыі, ідзе ў нагу з сугучнымі эпосе патрабаваннямі рэфармаваць сістэму глабальнага кіравання, адпавядаць спадзяванням нашага народа на лепшае жыццё. Арыентуючыся на будучыню, нам важна з прыцэлам на прыярытэтныя напрамкі весці акуратную работу», — сказаў кітайскі лідар.

Ён лічыць важным шматбаковы падыход, рухаць супрацоўніцтва наперад на аснове кансалідацыі, у поўнай меры раскрываць і задзейнічаць магчымасці і перавагі кожнай краіны. «Калі складваць па пясчынцы, атрымаецца цэлая вежа», — падкрэсліў Сі Цзіньпін.

«Супрацоўніцтва павінна ажыццяўляцца выключна празрыста, трэба сумеснымі намаганнямі змагацца з карупцыяй. У сувязі з гэтым мы ініцыіруем пекінскую ініцыятыву аб стварэнні сумленнага Шаўковага шляху. І гатовы разам з усімі бакамі пабудаваць чысты і сумленны Шаўковы шлях», — запэўніў кітайскі лідар.

Сі Цзіньпін у сваім выступленні ў тым ліку акцэнтаваў увагу на важнасці выкаранення беднасці, павышэння занятасці, выкарыстання зялёных тэхналогій, развіцця інфраструктуры і працэсаў лічбавізацыі, павышэння ўстойлівасці гандлёвай і фінансавай палітыкі, садзейнічання лібералізацыі і спрашчэння гандлю і інвестыцый, процідзеяння пратэкцыянізму, пошуку новых драйвераў развіцця. Ён таксама падрабязна спыніўся на патэнцыяле ўзаемадзеяння бакоў у рамках ініцыятывы «Пояс і шлях» у розных сферах.

«Нам варта сфарміраваць глабальнае ўзаемазвязанае партнёрства ў імя сумеснага развіцця і працвітання. Упэўнены, што аб’яднаныя намаганні і ўзаемная падтрымка дапамогуць пераадолець вялікую геаграфічную адлегласць. Мы без сумнення выйдзем на светлы шлях узаемнай выгады і ўсеагульнага выйгрышу», — упэўнены Старшыня КНР.

Лукашэнка: Беларусь зацікаўлена дзяліцца тэхналогіямі з Узбекістанам

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым.

«Не толькі вялікія імперыі могуць дапамагаць нам з вамі. Шмат добрых тэхналогій ёсць і ў сярэдніх, малых дзяржавах. У нас ёсць тэхналогіі, якія патрэбны Узбекістану, узбекскаму народу, вельмі падобнаму да беларусаў. У мяне асабіста ёсць азарт перанесці гэтыя тэхналогіі ва Узбекістан і стварыць там сучасныя прадпрыемствы, якія будуць прыкладам для іншых», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гэтыя планы адлюстраваны ў дарожнай карце развіцця супрацоўніцтва, якія раней распрацавалі краіны. «Мы вельмі дакладна выконваем з вамі намечаныя планы. Некалі мы дамовіліся аб тым, што выпрацуем дарожную карту — план нашых дзеянняў. Мы гэта зрабілі, там 155 мерапрыемстваў. Я не сказаў бы, што мы дзесьці адстаём. Крытэрый у нас тавараабарот. Ён у нас за год вырастае на 20 працэнтаў», — канстатаваў Прэзідэнт.

Аднак, адзначыў ён, Беларусь і Узбекістан могуць дасягнуць значна большых вынікаў у гандлі. «Выконваючы дарожную карту, мы будзем павялічваць тавараабарот. Я помню сваё абяцанне. У мяне ёсць вялікі інтарэс у вытворчасцях, якія патрэбны Узбекістану», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь мае намер прыкласці максімум намаганняў для рэалізацыі намечаных планаў.

У сваю чаргу Шаўкат Мірзіёеў звярнуў увагу, што выкананне мерапрыемстваў дарожнай карты знаходзіцца на яго асабістым кантролі. «Мы дамовіліся вашы магутныя тэхналогіі перанесці ва Узбекістан і толькі-толькі пачалі супрацоўнічаць ва ўсіх сферах, але вынік ужо відаць», — заявіў узбекістанскі лідар.

Як паведамлялася БЕЛТА, у верасні 2018 года адбыўся афіцыйны візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ва Узбекістан, па выніках якога падпісана 19 міжнародных дакументаў па прыярытэтных напрамках супрацоўніцтва, а пазней зацверджаны план мерапрыемстваў (дарожная карта) па развіцці супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Мінск і Ташкент канструктыўна супрацоўнічаюць на міжнароднай арэне, аказваюць узаемную падтрымку на выбарах у органы сістэмы ААН. Дагаворная база ўключае 60 пагадненняў. У 2018 годзе тавараабарот дасягнуў $157,4 млн. Сальда гандлю дадатнае ў памеры амаль $70 млн.

Лукашэнка разлічвае на значнае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з Сербіяй у бліжэйшыя гады

Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў у Пекіне на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам.

«Наша эканоміка пачынае падцягвацца бліжэй да палітыкі (размова пра добрыя двухбаковыя адносіны на палітычным узроўні. — Заўвага БЕЛТА). Думаю, што ў бліжэйшыя 2-3 гады мы зможам значна паскорыць супрацоўніцтва ў напрамку збліжэння па ўсіх пытаннях, якія нас цікавяць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці анансаваў свой візіт у Сербію. Цяпер вядзецца работа па яго напаўненні. «Думаю, што ў час нашай сустрэчы і майго візіту да вас у Сербію мы вельмі сур’ёзна абмяркуем напрамкі нашага супрацоўніцтва, каб нам было што сказаць людзям і ў Сербіі, і ў Беларусі», — адзначыў беларускі лідар.

«Хоць далёка ад радзімы, Сербіі і Беларусі, але нам удалося сустрэцца і абмяняцца меркаваннямі па некаторых пытаннях. Што датычыцца палітычных пытанняў, праблем у нас практычна ніякіх няма. Мы прытрымліваемся аднолькавых поглядаў на міжнародны парадак дня. Што датычыцца гандлёва-эканамічнага складніка нашых адносін, у мінулым годзе ў нас пэўны спад тавараабароту, але ўжо ў гэтым па першым квартале прырост. Але ўсё роўна гэта не тыя аб’ёмы тавараабароту, якія павінны быць паміж дружалюбнымі краінамі і краінамі, якія валодаюць такім патэнцыялам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у ходзе яго маючага адбыцца візіту ў Сербію будуць узнімацца інвестыцыйныя пытанні, стварэнне і развіццё сумесных прадпрыемстваў. «У нас працэс ідзе. Мы развіваем сумесную вытворчасць у вас на базе МАЗа і трактарнага завода. У нас ёсць магчымасці па рабоце ў сельгасмашынабудаванні, таксама па стварэнні сумесных вытворчасцей і многіх іншых напрамках», — упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, падкрэсліўшы, што ў гэтым плане няма ніякіх закрытых або забароненых тэм: «Мы гатовы з блізкай і роднай Сербіяй супрацоўнічаць настолькі, наколькі гэта патрэбна Сербіі і наколькі мы можам аказаць падтрымку ў развіцці сербскага ВПК і пастаўках адпаведнай ваеннай тэхнікі. Мы гэта не ўтойваем. Забароненых тэм тут няма».

«Словам, па ўсіх напрамках мы намацваем пытанні, якія нададуць дадатковы імпульс нашаму супрацоўніцтву. Я вельмі хачу, каб наша чарговая сустрэча была значнай і вывела наша супрацоўніцтва на больш высокі ўзровень. Упэўнены, што мы з вам гэтага даб’ёмся», — рэзюмаваў беларускі лідар.

У сваю чаргу Аляксандр Вучыч згадзіўся, што паміж краінамі сапраўды добрыя палітычныя адносіны, але трэба дадаткова папрацаваць над павелічэннем аб’ёму тавараабароту, чаму ў тым ліку садзейнічае стварэнне сумесных прадпрыемстваў. «Мы абсалютна адкрытыя ў гэтым плане, чакаем вас у Бялградзе», — сказаў ён.

«Усё, што вы сказалі наконт ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, — гэта вельмі важна для нас. Вялікі дзякуй за ўсё, што вы ўжо зрабілі», — дадаў Прэзідэнт Сербіі.

Ён таксама падкрэсліў, што ў Сербіі заўсёды рады супрацоўніцтву з дружалюбнай Беларуссю і гатовы рабіць у гэтым напрамку практычныя крокі.

Паміж Беларуссю і Сербіяй падтрымліваецца дыялог на вышэйшым і высокім узроўнях. Прэзідэнт Беларусі наведваў Сербію чатыры разы (у 1998, 1999, 2009, 2014 гадах). Адбыліся таксама чатыры візіты лідараў Сербіі ў Беларусь (у 1996, 2013, 2015, 2017 гадах). Цяпер паміж краінамі дзейнічае больш за 40 двухбаковых пагадненняў. У 2009 годзе падпісана міжурадавае пагадненне аб свабодным гандлі. У 2018 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Сербіяй склаў $148 млн.

Лукашэнка сустрэўся ў Пекіне з віцэ-прэзідэнтам ААЭ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Пекіне сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам, прэм’ер-міністрам і міністрам абароны ААЭ, правіцелем эмірата Дубай шэйхам Мухамедам бен Рашыдам аль-Мактумам.

Бакі абмеркавалі пытанні далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААЭ.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі ўстаноўлены 20 кастрычніка 1992 года. Пасольства Беларусі ў ААЭ пачало дзейнасць у снежні 1999 года. Пасольства ААЭ ў Мінску адкрыта ў кастрычніку 2008 года. Кіраўнік беларускай дзяржавы не раз рабіў візіты ў гэту краіну.

Па выніках 2018 года аб’ём беларуска-эмірацкага гандлю склаў $72,3 млн, экспарт — $58 млн, імпарт — $14,3 млн. За 2018 год прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове з ААЭ склалі $44 млн (234 працэнты да 2017 года). Інвестарам з ААЭ рэалізуецца праект па будаўніцтве гасцінічнага комплексу ў Мінску ў межах вуліц М.Багдановіча — Я.Купалы — ракі Свіслач з заяўленым аб’ёмам інвестыцый $247,6 млн.

Па матэрыялах БелТА.