Аўтапрабег па месцах баявой славы

З кожным днём аддаляюцца ад нас трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Але не сціраецца памяць аб тых, хто аддаў жыццё,усе свае сілы дзеля Вялікай Перамогі. Бессмяротны подзвіг савецкага народа ў гадыВялікай Айчыннай вайны ніколі не памеркне ў памяці пакаленняў.

         У Івацэвіцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці традыцыйнымі акцыямі сталі турыстычныя злёты па месцах баявой і воінскай славы, аўтапрабегі памяці, дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, навядзенне парадку на мемарыяльных комплексах, магілах загінуўшых у гады вайны,удзел у пасадцы алей памяці…

Зусім нядаўна мы, навучэнцы 1 курса (а многія з нас прыехалі набываць рабочыя прафесіі з Бярозаўскага, Пружанскага, Баранавіцкага і іншых раёнаў Брэстчыны) адкрылі для сябе Івацэвіччыну гераічную, калі сталі удзельнікамі турыстычнага злёту, які прайшоў у мемарыяльным комплексе партызанскай славы “Хаваншчына” 19 красавіка 2019 года.

А 4 мая навучэнцы 458,459 і 460 груп разам з адміністрацыяй і педагогамі нашага ліцэя сумесна з ГА “БРСМ” і РАС ДТСААФ у рамках праекту “Беларусь памятае” удзельнічалі ў аўтапрабегу, прысвечаным 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Тэматычна ўпрыгожаная аўтакалона, пастраенне удзельнікаў акцыі, урачыстыя словы дырэктара ліцэя Дымовіча Міхаіла Яўгеньевіча і намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Міхаіла Аляксеевіча Сухана – і аўтапрабег пачынаецца.

Першы прыпынак – вуліца Савецкая, сквер, дзе знаходзіцца помнік і брацкая магіла  62 савецкіх воінаў і партызан. Тут жа пахаваны адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Брэстчыне Канстанцін Талочка і юны герой-партызан Мікалай Гойшык.

Праходзіць урачысты мітынг, падрыхтаваны навучэнцамі 459 групы. Аб’яўляецца мінута маўчання. Ускладаюцца вянкі.

Удзельнікі аўтапрабегу рухаюцца далей.

Наступнае месца прыпынку – помнік юнаму герою-партызану Мікалаю Гойшыку, які знаходзіцца на мяжы горада Івацэвічы і вёскі Міхнавічы. Падчас мітынгу, які падрыхтавалі і правялі навучэнцы 458 групы, мы даведаліся пра гераічную партызанскую барацьбу і подзвігМікалая Гойшыка. На мітынгу выступіла навуковы супрацоўнік Івацэвіцкага гістарычна-краязнаўчага музея Арцёмчык Паліна Мікалаеўна, якая дапоўніла расказ пра юнага героя-партызана цікавай інфармацыяй.

Пасля ўскладання вянкоў аўтакалона рухаецца далей. Праязджаем вёску Сярадава і спыняемся каля абеліску. Пачынаецца мітынг. Кранаюць душу словы вядучых з 460 групы пра спаленыя ў час Вялікай Айчыннай вайны вёскі. Лёс гэтых 186 вёсак раздзяліла і адна з вёсак нашага раёна  – Зацішша, якую 10 верасня 1942 года карніцкі атрад спаліў разам з жыхарамі (37 двароў і 125 жыхароў).

 

Цяжка ўявіць… тут мірна жылі і працавалі людзі, гадавалі дзяцей, марылі аб будучым. І ўсё гэта ў адзін момант было знішчана…

У ходзе мітынгу слова трымалі дырэктар нашага ліцэяДымовіч Міхаіл Яўгеньевіч, старшыня Жытлінскага сельскага выканаўчага камітэта Свібовіч Пётр Андрэевіч.

Вельмі крануў прысутных расказ дэпутата мясцовага Савета Жур Лідзіі Мікалаеўны пра цудам выжыўшага аднаго хлопчыка – Рыгора Ката, які да апошніх дзён свайго жыцця прыязджаў на месца спаленай вёскі.

Пасля мінуты маўчання і ўскладання вянкоў удзельнікі аўтапрабегу вяртаюцца ў ліцэй.

Мы, маладое пакаленне беларусаў, будзем заўжды шанаваць памяць пра подзвіг нашага народа ў дні Вялікай Айчыннай вайны і ніколі не забудзем, якой цаной дасталася нам Перамога.

Наш свяшчэнны абавязак – берагчы і ўшаноўваць мір на сваёй зямлі, старанна вучыцца, працаваць, каб рабіць нашу родную Беларусь багацейшай і прыгажэйшай.                                     Іван Сірыська ,  навучэнец 458 групы УА “Івацэвіцкі ДПЛ СВ”.