Новая выстаўка ў музеі

Куток Станіслава Манюшкі – так называецца мастацкая выстаўка, удзел у якой прымаюць Таццяна Зданевіч (г. Бяроза), Андрэй
Лычкоўскі (г. Узда), Яўген Шунейка (г. Мінск).
200 гадоў таму, менавіта 5 мая, нарадзіўся вялікі кампазітар Станіслаў Манюшка. Яго малая радзіма – Міншчына, дзе ён з маленства чуў народныя спевы, дзе сама прырода нашэптвала яму шматлікія мелодыі. Мабыць, рэдкасць, калі вялікі кампазітар быў так блізка далучаны да народнай культуры і родных мясцін дзяцінства і юнацтва.
Менавіта таму ідэя выстаўкі звязана з сумяшчэннем традыцыйнага этнаграфічнага кутка са шматлікімі народнымі вырабамі, ткацтвам, вышыўкай, адзеннем і з творамі выяўленчага мастацтва ў выкананні сучасных мастакоў. Так дасягаецца неабходная вобразная атмасфера, якая дапамагае адчуць характар музычнай творчасці слыннага кампазітара.
У экспазіцыі прадстаўлены творы, прысвечаныя памяці нашага таленавітага земляка, вялікага дзеяча музычнага мастацтва, спадчына якога выключна высока шануецца ў Польшчы, Беларусі і іншых краінах. Сярод такіх твораў – прысвячэнне прэм’еры аперэты «Ідылія» ў Мінску 9 лютага 1852 г.
У экспазіцыі таксама шмат пейзажных матываў, якія перадаюць сувязь колераў і рытмаў роднай прыроды у розных каларыстычных кантрастах і адценнях.
Пасля завяршэння выстаўкі творы мастакоў будуць падараваны музею, што спрыяе ўзбагачэнню музейнага івацэвіцкага куточка новымі экспанатамі, вельмі важнымі для сучаснага культурнага выхавання нашых суайчыннікаў.
Прэзентацыя выстаўкі «Куток Станіслава Манюшкі» адбудзецца ў «Ноч музея-2019» 17 мая ў 18.30.
Дырэкцыя музея.