Давярай ды правярай…

Нават лепшы сябар можа скарыстацца вашай даверлівасцю і неабачлівасцю

Гэтыя падзеі адбыліся ў адным з населеных пунктаў, што месціцца каля Целяхан. Двое сяброў, мужчыны сярэдняга ўзросту (назавём іх умоўна А. і Д.), часта бавілі разам час, у многім давяралі адзін другому.
Так, А., які не жанаты і пражывае адзін, паказаў сябру Д. месца, дзе ён захоўвае ключ ад дзвярэй дома, неаднаразова дазваляў яму браць банкаўскую пластыкавую картку, каб той схадзіў у магазін за прадуктамі, паведаміўшы сябру і пін-код карткі. Карацей, А. давяраў Д. ва ўсім.
Але гэты давер не прайшоў выпрабаванне часам. У адзін з дзён А., які быў на рабоце, атрымаў СМС-паведамленне на мабільны тэлефон: з вашага рахунку знята 60 рублёў. Мужчына насцярожыўся, але ніякіх дзеянняў вырашыў не прадпрымаць. Толькі карт-
ку, якую дома захоўваў у адной кішэні пінжака, пераклаў вечарам у другую кішэню. Але на наступны дзень прыходзіць новае паведамленне, што з рахунку знята 50 рублёў; пасля яшчэ зняты грошы ў два прыёмы…
У адзін з вечароў А., які вярнуўся з работы, прама пацікавіўся ў Д.: «Можа, гэта ты прыходзіў да мяне дамоў і скарыстаўся пластыкавай карткай, што знаходзіцца ў месцы табе вядомым?». Д., які не ведаў, што яго сябра падключыў мабільны тэлефон да адпаведнай опцыі, якая дазваляе атрымліваць СМС-паведамленні і кантраляваць рух грошай, стаў запэўніваць, што гэта, магчыма, банк праводзіць нейкія «ўдакладненні», а ён картку сябра ў гэтыя дні, маўляў, нават у рукі не браў. А. выклікаў міліцыю.
Як няцяжка здагадацца, менавіта на сумленні Д. аказаўся крадзеж да-
дзеных грашовых сродкаў.
Была ўзбуджана крымінальная справа. Паводле санкцыі суда Д. атрымаў месяц арышту. У сваёй практыцы мне, суддзі раённага суда, часам здараецца сутыкацца з сітуацыяй, калі абвінавачваемы прыцягвае да сябе больш сімпатыі, чым пацярпелы. У дадзеным выпадку А. пацярпеў, але, прабачце, ці не з’яўляецца ён сам «арганізатарам» злачынства? Пра гэта паведамлялася ўжо сотні разоў: пін-код банкаўскай пластыкавай карткі можа ведаць толькі гаспадар карткі, забаронена паведамляць яго іншым людзям… Калі вы не ўпэўнены, што хтосьці ёй скарыстаецца дома, то, можа, лепш картку ўзяць з сабой? Яна ж не важыць 5 ці 10 кілаграмаў! А пераклаўшы яе з кішэні ў кішэню аднаго пінжака, што вісіць у пустой хаце, вы не заблытаеце злодзея, а толькі падштурхняце яго, у дадзеным выпадку свайго лепшага сябра, да новага злачынства…
Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.