Казулі, сабакі і людзі…

касуля в івацевічах

Дзікая жывёліна ў горадзе можа загінуць ад стрэсу. Самы сапраўдны шок паспытвае яна ў тых абставінах, у якіх апынулася: тут усё незнаёмае, тут страшна. Былі выпадкі, калі заходзілі ў гарады ласі, было, паміралі. Не патлумачыш жа жывёле, што яе ловяць толькі затым, каб вывезці пасля ў родны лес…
Многія сотні наведвальнікаў сайта «ІВ» і нашых старонак у сацыяльных сетках праглядзелі кароткае відэа, дасланае нашымі чытачамі: днём 20 мая ў цэнтры горада, у раёне дамоў за ўнівермагам, скакала перапалоханая казуля.
Гараджане не засталіся раўнадушнымі назіральнікамі – некалькі чалавек званілі ў Івацэвіцкую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у міліцыю. Як расказалі пасля ў раённай інспекцыі, тут адгукнуліся адразу, выехалі са спецыялістамі раённай ветэрынарнай станцыі. Але, на жаль, казуля знікла: людзі расказвалі, што яе бачылі на вуліцы Пралетарскай, Гастэла… Пошукі былі марнымі, больш тэлефанаванняў ад гараджан не было. Што ж, казуля – невялікая, імклівая, чакаць на месцы не будзе. То будзем спа-
дзявацца, што жывёлінка паспяхова выбралася за горад і зараз недзе цешыцца ў сваіх родных мясцінах.
Можна б было ставіць кропку. Але…
Казуль было дзве.
Раніцай таго ж дня, 20 мая, ля цэнтральнай бібліятэкі ў Івацэвічах была знойдзена мёртвая казуля.
Як паведамілі рэдакцыі «ІВ» у раённай ветстанцыі, смерць жывёліны наступіла, хутчэй за ўсё, ад атрыманых ірваных ран і крывацёкаў.
Казулю загрызлі сабакі. Бадзяжныя.
Сабака без гаспадара ў сваім вольным жыцці – драпежнік. Ён можа нападаць і забіваць.
На пачатку вясны ў рэдакцыю звярталася нямала жыхароў Івацэвіч з просьбамі ўзняць тэму бадзяжных сабак. Што праўда: вялікія і малыя зграі літаральна акупавалі цэнтр горада, іх можна было сустрэць паўсюдна. Часам агрэсіўныя, яны пачувалі сябе гаспадарамі на вуліцах. Людзі расказвалі пра выпадкі, калі цярпелі ад нападаў – найчасцей сабакі абкружалі ахвяру і хоць не кідаліся, але… «Пайшла смецце выносіць. А яны мяне абкружылі, гаўкаюць, крок не магу ступіць. Добра, сусед з акна заўважыў, выскачыў з палкай, дык разбегліся, але і на яго агрызаліся, – расказвала адна жанчына. – Дзень не магу супакоіцца, такі стрэс атрымала».
Камунальныя службы папрацавалі добра. Сабак стала куды як менш. Але яны ёсць. І як бачым, могуць нападаць. 20 мая іх ахвярай стала казуля.
Бадзяжных жывёл у гарадах быць не павінна, гэта аксіёма. Канешне, тыя метады, якімі мы сёння вымушаны карыстацца, знахо-
дзяцца пад агнём крытыкі абаронцаў жывёл. Праўда, і самі абаронцы, калі прапануеш ім вырашыць задачу з адпаведнымі дадзенымі, разводзяць рукамі. Стварэнне пітомнікаў – гэта найлепшы варыянт, але не па нашай кішэні. Як і адлоў са стэрылізацыяй.
З аднаго боку, ідзе работа па змяншэнні колькасці бадзяжных жывёл. З другога – у нас ёсць дакладныя нормы ўтрымання хатніх жывёл, якія мы павінны выконваць. Менавіта апошняе будзе максімальна спрыяць таму, што горад не будзе поўніцца зграямі.
Канешне, шкада любую жывёліну, і той сабака не вінаваты, што стаў бадзяжным. Але шкада і казулю – беззабаронную, пужлівую і прыгожую…
Валерый ГАПЕЕЎ. Фота з відэароліка.