Якасныя кармы і сучасныя тэхналогіі

ивацевичи семинар

24 мая на базе ААТ «Святая Воля» праводзіўся абласны семінар-нарада па пытаннях арганізацыі нарыхтоўкі кармоў, летне-пашавага і стойлавага круглагадовага ўтрымання жывёлы. Прымалі ўдзел у рабоце нарады: Валерый Рэбкавец, першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама, кіраўнікі і спецыялісты камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама, начальнікі і спецыялісты райсельгасхарчаў вобласці, кіраўнікі гаспадарак, іншыя зацікаўленыя асобы.
Пра асаблівасці нарыхтоўкі кармоў у сёлетнім годзе, аб тэхналогіі і выкарыстанні кансервантаў пры нарыхтоўцы кармоў расказваў і падрабязна тлумачыў у суправаджэнні схем і наглядных графікаў фотапрэзентацыі першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Буткевіч.
– Кормавытворчасць у жывёлагадоўлі на сённяшні дзень, менавіта, у частцы якасных паказчыкаў, адстае па тэмпах развіцця і ўкараненні тэхналогіі, – казаў Сяргей Канстанцінавіч. – Кармавая база стаіць на трох слупах: аб’ём, асартымент і якасць кармоў.

Удзельнікі семінара пазнаёміліся з арганізацыяй работ па падрыхтоўцы тыповых траншэй да закладкі сенажу, тэхналогіяй іх закладкі кармамі і закрыцці. Таксама спыняліся на арганізацыі ажыццяўлення кантролю за якасцю нарыхтоўваемых кармоў. Аб арганізацыі ўзнаўлення статка і ацэнцы яе эфектыўнасці, арганізацыі паточнага вырошчвання і асемянення цялушак дакладвала Ірына Майсакова, намеснік генеральнага дырэктара РСУП «Брэстплемпрадпрыемства».
Як паказаў семінар, праблемы ў жывёлагадоўлі ёсць. Шляхі рашэння гэтых праблем, перспектывы развіцця жывёлагадоўлі і іншыя злабадзённыя пытанні абмяркоўваліся ў гэты плённы для кожнага ўдзельніка дзень.

Валянціна Бобрык. Фота Валерыя Міскевіча.