Пасля рэканструкцыі ў райцэнтры адкрыты будынак пракуратуры

29 мая ў Івацэвічах адбылося ўрачыстае адкрыццё будынка пракуратуры, які пасля праведзенай рэканструкцыі стаў, па сутнасці, новым будынкам.
На ўрачыстасць былі запрошаны Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Канюк, пракурор Брэсцкай вобласці Віктар Клімаў, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Альшэўскі, старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук.
У цырымоніі адкрыцця прымалі ўдзел і падзялілі радасць работнікаў пракуратуры Івацэвіцкага раёна з нагоды чаканага наваселля пракуроры суседніх з нашым раёнаў, старшыня суда Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч, кіраўнікі аддзелаў органаў правапарадку і сілавых структур, будаўнічых і праектных арганізацый, якія былі задзейнічаны ў рэканструкцыі будынка, добраўпарадкаванні тэрыторыі.
Аляксандр Канюк, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, у сваім прывітальным слове адзначыў, што гэты дзень – знакавы і для работнікаў Івацэвіцкай пракуратуры, і для ўсёй нагляднай сістэмы краіны. Створаны самыя аптымальныя і камфортныя ўмовы працы для работнікаў, прадугледжаны і неабходныя ўмовы для наведвальнікаў, у тым ліку з абмежаванымі магчымасцямі. І сам горад атрымаў новае архітэктурнае рашэнне – месца, якое добра ўпісваецца ў ландшафт.
Аляксандр Канюк выказаў удзячнасць кіраўніцтву абласнога выканаўчага камітэта, кіраўніцтву Івацэвіцкага райвыканкама за добрае ўзаемадзеянне, праведзеную работу.
Загадам Генеральнага пракурора начальніку УП «Івацэвіцкая ПМК-18» (гэта арганізацыя выканала асноўныя работы) Ігару Панасюку аб’яўлена Падзяка, з чым асабіста павіншаваў кіраўніка Аляксандр Канюк.
Пасля ўрачыстага пераразання стужкі госці і ўдзельнікі мерапрыемства змаглі прайсці ў будынак, які ўнутры атрымаўся светлым і прасторным, паглядзець абсталяваныя для работы кабінеты.
Валерый Гапееў, фота Валерыя Міскевіча.

На здымках: прывітальнае слова падчас урачыстага адкрыцця будынка пракуратуры ад Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандра Канюка.
Перадача сімвалічнага ключа ад рэканструяванага будынка. Злева направа: начальнік УП «Івацэвіцкая ПМК-18» Ігар Панасюк, пракурор Івацэвіцкага раёна Ігар Колбік, старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук.