Маленькая дапамога ў вялікай справе

Дзяржаўная ўстанова «Целяханскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» звярнулася да сваіх партнёраў па дапамогу ў набыцці падгузнікаў і іншых сродкаў асабістай гігіены для грамадзян, якія знаходзяцца ў цяперашні час у інтэрнаце. Адразу ж адгукнуўся на просьбу аб дапамозе калектыў Брэсцкага РУП «Фармацыя», які неаднаразова ўдзельнічаў у дабрачынных мерапрыемствах, акцыях міласэрнасці, накіраваных на аказанне адраснай дапамогі дарослым і дзецям, якія маюць цяжкія захворванні.

Адміністрацыя Брэсцкага РУП «Фармацыя», работнікі аптэк Брэста, а таксама Івацэвіцкай ЦРА №9 сабралі для падапечных псіханеўралагічнага інтэрната ўсё самае неабходнае – памперсы, пялюшкі, вільготныя сурвэткі, шматлікія вырабы медыцынскага прызначэння, шампуні, прысыпкі і іншае. 29 мая загадчаца Івацэвіцкай ЦРА №9 Наталля Азарка разам з прадстаўнікамі калектыва наведала Целяханскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў і перадала дабрачынную дапамогу для выхаванцаў інтэрната. Дэлегацыю вітаў дырэктар ДУ ўстанова «Целяханскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» Іван Дзядок, які шчыра дзякаваў за аказаную дапамогу, а таксама правёў экскурсію па інтэрнаце, расказаў пра ўмовы пражывання і арганізацыю адпачынку людзей, якія тут пражываюць.

– Хай удзел нашых калегаў у гэтай акцыі стане прыкладам для іншых арганізацый і прадпрыемстваў і абавязкова будзе мець працяг. Мы жадаем калектыву інтэрната фізічных і душэўных сіл, здароўя і поспехаў. Бо мы асабіста пераканаліся, якую добрую штодзённую справу яны робяць, – адзначыла Наталля Азарка.

А Іван Дзядок дадаў, што толькі агульнымі намаганнямі можна ўмацаваць веру «асаблівых» грамадзян у тое, што побач абавязкова знойдзецца той, хто працягне руку дапамогі.

Ганна Ільяшэвіч.