На гэты раз першыя!

Нашы ўрачы стаматолагі-тэрапеўты Арцём Лушчыц і Аляксей Шаўчук перамаглі на конкурсе прафесійнага майстэрства «Лепшы па прафесіі» сярод урачоў стаматолагаў-тэрапеўтаў  Брэсцкай вобласці

Ужо шосты год запар на базе УАЗ «Брэсцкая стаматалагічная паліклініка» збіраюцца лепшыя з лепшых спецыялісты Брэстчыны. Сёлета за пуцёўку на рэспубліканскі конкурс змагаліся сем пар урачоў з Брэста, Пінска, Баранавіч, Бярозы, Жабінкі і Івацэвіч. І трэба адзначыць, нашы стаматолагі штогод удала прадстаўляюць раён на прафесійных конкурсах рознага кшталту.

Так, Арцём Лушчыц, урач стаматолаг-тэрапеўт стаматалагічнага аддзялення УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ», ужо другі раз «штурмаваў» гэты прэстыжны прафесійны конкурс. Некалькі гадоў таму ён у пары с калегам урачом стаматолагам-артапедам Раманам Струнеўскім быў трэцім. Тады маладыя ўрачы па дзесяці конкурсных крытэрыях набралі 94 балы са ста магчымых! Сёлета была іншая форма адзнакі, балы не агучваліся, рашэнне журы прымала па выніках фотасправаздачы. Побач з кожнай парай урачоў працаваў адзін з членаў журы, які вёў фотафіксацыю кожнага моманту работы. Яшчэ адна навінка гэтага конкурсу – цяпер урачы працавалі са знаёмымі пацыентамі. Работа абмяжоўвалася часам, на рэстаўрацыю зуба адводзілася максімум дзве гадзіны. Журы на чале з кандыдатам медыцынскіх навук, дацэнтам другой кафедры тэрапеўтычнай стаматалогіі БДМУ Аляксандрам Бутвілоўскім, цікавіла ўсё: ад сустрэчы пацыента і збору анамнэзу да паліроўкі рэстаўрацыі.

Так, падчас узнагароджвання пераможцаў журы адзначыла, што конкурс «маладзее», амаль усе канкурсанты – гэта ўрачы з працоўным стажам не больш за пяць-сем гадоў, аднак узровень работ расце. Ва ўмовах такой сур’ёзнай канкурэнцыі нашы стаматолагі сталі лепшымі. Другое і трэцяе месцы занялі ўрачы з Брэста.

– Працаваць з фотафіксацыяй нам не ў навінку, – адзначыў наш пераможца Арцём Лушчыц. –  Увесь платны прыём пацыентаў мы таксама праводзім з гаджэтам у руках, людзі як правіла не адмаўляюць нам. Бо так атрымліваецца, што кожны этап работы ўрача пад кантролем самога хворага. Гэта дапамагае наладзіць кантакт з пацыентам. Прынцып работы «да» і «пасля» ўжо прыжыўся ў многіх элітных прыватных клініках, усе плюсы фота ацанілі і нашы пацыенты. Я, у сваю чаргу, дзякую кіраўніцтву аддзялення і бальніцы за магчымасць працаваць у сучасных умовах з якаснымі апаратурай і матэрыяламі. Гэта і дае магчымасць развівацца і канкурыраваць з калегамі з іншых раёнаў.

Не здзіўляе той факт, што ў такіх добрых умовах работы адзін за адным «куюцца» таленавітыя кадры. Вось і загадчык стаматалагічнага аддзялення, урач стаматолаг-тэрапеўт, Юрый Кавалевіч адзначыў, што сёлета канкурсантаў прыйшлося нават выбіраць з некалькіх пар жадаючых. Галоўны скарб любога кіраўніка – гэта кадры. Калі яны ёсць, то ёсць магчымасць развіваць аддзяленне, пашырацца і пашыраць пералік паслуг. Так, у мінулым годзе ў нас адкрыўся платны стаматалагічны кабінет у педыятрычным аддзяленні УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ», нядаўна з’явіліся новыя паслугі – цяпер ў нас праводзяць дэнтальную імплантацыю і працуюць з мульцібондынг сістэмай (брэкеты). Здаровая канкурэнцыя і найноўшыя формы работы даюць свой плён. Так, стаматалагічнае аддзяленне сёлета занесена на раённую Дошку Гонару, па пэўных прафесійных паказчыках мы лідзіруем у вобласці, а нашы маладыя ўрачы становяцца лепшымі на Брэстчыне. А ўжо восенню пераможцы – Арцём Лушчыц і Аляксей Шаўчук  – прадставяць вобласць на рэспубліканскім этапе конкурсу. Пажадаем ім поспехаў!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.