Выпускны ў Целяханскай ДШМ

31 мая ў ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г.п. Целяханы” ладзілася свята для 13 выпускнікоў і ў тым ліку першага выпуску мастацкага аддзялення.

І на гэты раз усё прайшло на самым высокім узроўні. Была падрыхтавана цудоўная выстаўка работ мастацкага аддзялення, а канцэртная праграма складалася з 25 бліскучых канцэртных нумароў. У ліку іх былі выступленні юных зорак школы, выпускнікоў сёлетняга года і папярэдніх гадоў.

Выпускнікі, як ніколі, шмат папрацавалі, каб падрыхтавацца да выпускнога на ўзроўні. Нечаканасцю і прыемным сюрпрызам сталі падарункі настаўнікам ад выпускнікоў, зробленыя сваімі рукамі.

Граматы ўручаліся Ірынай Чалык самым рэзультатыўным педагогам сёлетняга навучальнага года ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, гучалі словы падзякі ў адрас дырэктара і педагогаў і з вуснаў бацькоў – мамы Жэні Крываль Ірыны Савіч, і Анжалікі Тысевіч, мамы выпускніка мастацкага аддзялення Глеба Тысевіча, якая ведае, што такое адданая праца настаўніка з’яўляючыся педагогам школы і завучам. Словы захаплення школай, юнымі артыстамі і педагогамі гучалі з вуснаў галоўнага рэдактара раённай газеты Аляксандры Джэжоры, якая адначасова прадстаўляла і раённае грамадскае аб’яднанне “Беларускі Саюз жанчын”.

За дзень да выпускнога на ўрачыстай лінейцы ўсе поспехі вучняў школы, а іх 140, былі адзначаны граматамі і падзякамі. І, вядома, галоўныя віноўнікі ўрачыстасці – выпускнікі, і вучні школы, якія сталі пераможцамі значных конкурсаў, не былі абдзелены ўвагай – ім уручаліся граматы, кветкі і падарункі падчас выпускной канцэртнай праграмы. Настрой ва ўсіх – і тых, хто стаяў на сцэне, і хто сядзеў у глядзельнай зале, быў на вышыні. 

Дарэчы, школа прадаўжае па-мастацку аздабляцца. У глядзельнай зале з’явіўся балкон, які зроблены сваімі сіламі. Атрымалася, як у тэатры. Адрамантаваны і адрэстаўрыраваны за год два вучэбныя кабінеты і матэрыяльная база папоўнілася двума акардэонамі і баянам.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.