Не проста чытайце, а вывучайце дагавор

А што не зразумела – перапытайце лепш пяць разоў…

Званок жыхара адной з вёсак райцэнтра ў рэдакцыю быў і абураным, і ўсхваляваным. Вось пра што расказаў мужчына.

– Паклаў я свае грошы на ўклад у нашым аддзяленні «Беларусбанка». А тут пачало здароўе падводзіць. І раз, і другі давялося ездзіць у бальніцу, у Брэст. Трэба купляць і лекі, а яны зусім не танныя. Бачу: не хапае маіх наяўных грошай на гэта. Што ж, трэба ісці ў банк ды здымаць. Прыйшоў, так і так кажу – трэба грошы з майго ўкладу. А мне раптам кажуць: не дадзім! Бо грошы пакладзены на пэўны тэрмін! Як жа так? Быў дагавор, вядома ж. Але ж грошы тыя – мае. Хіба я ім ужо не гаспадар? Як гэта – не магу зняць свае ж грошы?».

Пра гэтую сітуацыю мы паведамілі спецыялістам цэнтра банкаўскіх паслуг г. Івацэвічы ААТ «АСБ «Беларусбанк» і папрасілі пракаменціраваць сітуацыю.

Сапраўды, сёння банк прапаноўвае ўкладчыкам вялікае мноства спосабаў размяшчэння іх грошай ва укладах. І сярод іх ёсць так званыя безадзыўныя ўклады (дэпазіты). Чым яны прывабліваюць нашых грамадзян? Адносна вялікім працэнтам. Напрыклад, уклад «Класік безадзыўны зручны» мае гадавую працэнтную стаўку 10,3. З тэрмінам размяшчэння на 230 дзён.

Але важна тое, што ёсць у самой назве – слова «безадзыўны». Гэта значыць, што ўклад будзе размяшчацца вызначаны тэрмін і па сваім жаданні зняць з яго частку грошай ці ўсе разам чалавек не можа. І пра гэта асобна пазначаецца ў дагаворы! Напрыклад, такое інфармацыйнае апісанне ўкладу: «расходныя аперацыі па ўкладу не прадугледжаны, датэрміновае вяртанне ўкладу праводзіцца толькі са згоды банка».

Ніякай няволі тут няма – чалавек сам вырашае, узважвае свае магчымасці. Хочацца атрымаць максімальную выгаду ад вялікіх працэнтаў, значыць, трэба пацярпець гэты час. Хочаце мець магчымасць па сваёй ініцыятыве разарваць дагавор у любы час – выбіраеце ўклад «адзыўны» – іх вялікая колькасць, хай сабе і з меншым працэнтам.

Але ж, скажаце вы, то чалавек плануе, а Бог распараджаецца – усякае можа здарыцца ў нейкі момант у нашым жыцці. Дык як быць?

У банку ёсць пералік тых абставін, калі і дагавор аб безадзыўным укладзе можа быць скасаваны датэрмінова і грошы вернуць іх уладальніку. Тое магчыма і ў выпадку, з якім нам тэлефанаваў мужчына. Што трэба рабіць? Пайсці ў бальніцу і там ва ўрачоў запытаць даведку вызначанай формы, якую пасля прадставіць у банк.

…Нам усім часам не хапае ўважлівасці і жадання дасканала ўнікнуць у сэнс напісанага, мы баімся перапытаць нешта, каб не быць у вачах субяседніка не надта разумнымі. А пасля нам не хапае ўжо цярпення, каб спакойна распытаць аб магчымасцях вырашэння складанай сітуацыі. Таму – усім уважлівасці пры чытанні дагавораў! І вытрымкі пры ўзнікненні непрадбачаных сітуацый. Урэшце, усё можа вырашацца, як кажуць, палюбоўна.

Валерый Гапееў.