Гліну капаць нельга. Але можна яе купіць

– Мы жывём у Краглевічах. Колькі жывём, столькі і было: як трэба падрамантаваць печ ці грубку, ці новую скласці, капалі гліну ў некалькіх месцах. І ніхто за гэта не караў. А тут кажуць: нельга. І быццам вось пайшоў мужчына капаць у тое адно месца, а там стаіць фоталавушка. Адразу ляснік прымчаў. І штраф за такое атрымаць можна. Дык а што ж нам рабіць? Той гліны адно вядзерца трэба, а без яе як быць?

А. Галоўчык.

Сапраўды, для вяскоўца пытанне не такое і простае. Гэта ж пытанне прагучала падчас правядзенне “гарачай лініі” з галоўным спецыялістам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталляй Радзіонавай. І яна дала адназначны адказ: нельга самастойна капаць гліну.

– І пясок нельга, і гліну. Бо гэта – прыродныя рэсурсы, карысныя выкапні. Што было раней, на тое трэба забывацца. Некалі любы калгас капаў сабе пясок і жвір там, дзе яму было зручна. Нельга было так далей жыць, закон павінен рэгуляваць гэтыя пытанні. Пакрысе мы навялі парадак у той частцы, якая тычыцца здабычы пяску ў кар’ерах гаспадаркамі і арганізацыямі. Цяжэй перавучыцца нашым людзям, але нікуды не падзенешся – давядзецца.

Так, і справа тут не ў тым вядзерцы, якое трэба для рамонту пячуркі. Бо аднаму трэба вядзерца, а некаму – воз ці трактарны прычэп…

Той самы цывілізаваны падыход падразумявае, што калі нельга самастойна, значыць, яно павінна быць у продажы. І так зроблена: нехта атрымлівае дазвол (не бясплатны, канешне) на распрацоўку карысных выкапняў, наладжвае вытворчасць і пастаўляе гандлю гатовую фасаваную прадукцыю.

І гліну ў тым ліку.

Гатовая сумесь, сухая, якую не трэба мясіць, не трэба клапаціцца пра яе тлустасць. Сумесь адно развесці вадой – і яна гатовая для прымянення.

У Івацэвічах, напрыклад, у магазіне “Стандарт” ёсць гатовая гліняная сумесь для кладкі печаў і тынкоўкі “Экабут”, мяшок 20 кг каштуе 19.9 рубля.

У магазіне “Строй-стыль” ёсць сухая сумесь для тых жа мэтаў “Пячнік”, мяшок 20 кг каштуе 22.3 рубля. Ёсць мяшкі і па 10 кг.

Магазін “Строй-шаг” прапануе такую ж сумесь “Пячнік” і па тым жа кошце. Мяшок 10 кг каштуе 13.5 рубля.

Такім чынам, купіць можна, рызыкаваць самастойна капаць няварта. Нічыйнай зямлі ў нас няма, кожны землекарыстальнік павінен сачыць за парадкам на сваім “надзеле”. Зрэшты, пакладзём руку на сэрца і спытаем самі сябе: хіба гэта не правільна, калі ў кожнага кавалка зямлі ёсць гаспадар, і парадак будзе паўсюдна?

Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ.