У Івацэвічах – пералётныя матылі!

Featured Video Play Icon

І не толькі ў Івацэвічах – іх заўважаюць па ўсёй Беларусі

У першы тыдзень чэрвеня на кустах язміну, які якраз зацвіў, людзі са здзіўленнем заўважалі незвычайна вялікую колькасць матылёў. Не вельмі кідкая іх афарбоўка – карычняватая з чорным узорам. Гэта вядомы па ўсім свеце від, у нас гэтага матылька называюць дзядўніцай.

Дзядоўніца – не звычайны, а пералётны матыль. Уявіце – такое крохкае стварэнне вандруе у Афрыку і назад!

Найдалей на поўнач дзядоўніцы былі адзначаныя на нарвежскім востраве Svalbard, а зімаваць гэтыя ж матылі могуць у зоне Сахель, на поўдзень ад Сахары.

Дзядоўніцы мігрыруюць вельмі высока – нават на вышыні ў 2500-3000 метраў, таму, зразумела, адзначыць іх пад час пералётаў на свае вочы вельмі цяжка. Матылі проста раптоўна з’яўляюцца на нейкай тэрыторыі, а потым такім жа чынам знікаюць.

У красавіку матылі ляцяць на поўнач над Сахарай і там робяць прыпынак у паўночнай Афрыцы – менавіта там прыходзіць на свет новае пакаленне. А ўжо яно ляціць яшчэ далей на поўнач, у Еўропу і ў нашых шыротах з’яўляецца ў другой палове мая – чэрвені.

Менавіта гэтых матылёў, з пашкоджанымі крыльцамі і выблеклых ад далёкага падарожжа, і назіраем мы цяпер у нас. Яны набіраюцца сілаў, каб даць пачатак летняму пакаленню дзядоўніц, якое ператворыцца ў матылёў у ліпені. Напрыканцы жніўня ці ў верасні (а часам нават у кастрычніку!) гэтыя матылі паляцяць на зімоўку ў Афрыку – таксама, як многія нашы птушкі.

Матыль жыве каля месяца, таму, зразумела, што тая дзядоўніца, якая вылятае з тропікаў Афрыкі на поўнач, не мае шанцаў асабіста даляцець да нас. Аднак зробяць гэта яе патомкі, якія з’яўляюцца на розных “прыпынках”.

Варта адзначыць, што падобныя працяглыя міграцыі матылёў лічацца рэдкай з’явай.

Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ. Фота аўтара.