Свята выпускнікоў – урачыстасць маладосці і прыгажосці

У выхадны, вечарам 8 чэрвеня, усе чакалі на галоўнай плошчы горада Івацэвічы герояў свята – выпускнікоў. І вось выстройваецца на плошчы  калона святочна апранутых хлопцаў і дзяўчат, якія прыйшлі са сваімі класнымі кіраўнікамі і кіраўніцтвам навучальных устаноў на апошнюю школьную лінейку – на раённае свята “Выпускнік-2019”. Гэтае свята дорага ўсім, хто знаходзіўся на плошчы: бацькам, настаўнікам, выпускнікам кожнай навучальнай ўстановы, іх віталі пад бясконцыя апладысменты.

Павіншаваць выпускнікоў са святам прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, намеснікі старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец і Андрэй Рэгес, прадстаўнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Андрэй Нарывончык, начальнік і намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Ігар Куіс і Святлана Патоцкая, спецыялісты аддзела па адукацыі райвыканкама, педагогі, бацькі і сваякі выпускнікоў, жыхары райцэнтра і іншыя госці ўрачыстасці.

Урачыстая лінейка, прысвечаная заканчэнню школы, ліцэя, аб’яўляецца адкрытай. Права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь даецца Аляксею Галашэўскаму, выпускніку СШ №3 г. Івацэвічы, бронзаваму прызёру першынства Рэспублікі Беларусь па самба сярод юніёраў, кандыдату ў майстры спорту па дзюдо і самба; Аліне Горбач, выпускніцы СШ №3 г. Івацэвічы, пераможцы алімпіяд, раённых канферэнцый навукова-тэхнічнай творчасці; Рэнаце Жмайлік, выпускніцы СШ №4, пераможцы другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове; Юліі Андрыевіч, выпускніцы СШ № 1, пераможцы раённых і абласных алімпіяд; Яну Міхнюку, выпускніку Ліцэя Івацэвіцкага раёна, дыпламанту абласных даследчых работ.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, якому было дадзена першае слова, павіншаваў выпускнікоў з заканчэннем школы, адказным момантам у жыцці кожнага з іх. Аптымізмам, упэўненасцю, што ўсё ў выпускнікоў атрымаецца, была напоўнена прамова начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Ігара Куіса.

Сёлета ў нашым раёне  385 школьнікаў атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі, 18 з іх – атрымалі атэстаты асобага ўзору. Залатыя медалі ўручаны з рук старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Сарокі Святлане Бурвін,  Антону Кузьменькову, Яну Міхнюку, Кацярыне Саўчук, Максіму Стасевічу, Віталію Шустоўскаму –  выпускнікам ДУА «Ліцэй Івацэвіцкага раёна», Уладзіславе Валанцэвіч, Яніне Ёвік, Юліі Кулецкай, Кацярыне Мартыненка, Паліне Сяўко – выпускнікам ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Івацэвічы», Рэнаце Жмайлік, Уладзіславу Папко – «Сярэдняя школа №4 г. Івацэвічы», Кірылу Рымачу – «Быценская СШ», Дар’і Савіцкай, Антону Харужаму – ДУА «Косаўская СШ», Іллі Стасю – ДУА «Запалянскі дзіцячы сад-сярэдняя школа». Сярэбраны медаль уручаны Мікіце Худзінскаму з Косаўскай СШ.

Агульнае фота на памяць з выпускнікамі старшыні раённага Савета дэпутатаў. І вось слова ў адказ атрымліваюць выпускнікі. Кацярына Саўчук, выпускніца Ліцэя Івацэвіцкага раёна, дзякуе настаўнікам і першым настаўнікам, а таксама бацькам за навуку і клопат. Ад імя бацькоў выступіла Юлія Сяўко.

Песні з вуснаў выпускнікоў, танцы, тэатралізаваныя нумары ў падарунак ад школьнікаў… І вось ён – апошні школьны вальс. А пасля яго і на гэты раз ляцелі ў неба рознакаляровыя, як і мары, паветраныя шары нашых выпускнікоў. Няхай усё ў іх атрымаецца, а свята маладосці і прыгажосці застанецца ў памяці светлай старонкай жыцця.

 

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.