Будаўнічы магазін «ОМА» — у Івацэвічах

7 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё будаўнічага магазіна “ОМА” па вуліцы Леніна, 2 у Івацэвічах. Гэта сумесны праект спажыўкааперацыі і прыватнага гандлю.

У свяце адкрыцця магазіна ў Івацэвічах прымалі ўдзел старшыня праўлення Брэсцкага абспажыўсаюза Леанід Янковіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, старшыня праўлення Івацэвіцкага райста Алена Куратнік, спецыяліст аддзела франчайзінгу кампаніі “ОМА” Дзмітрый Мароз, якія ўрачыста разрэзалі чырвоную стужку.

Гэта ўжо пяты сумесны аб’ект Брэсцкага аблспажыўсаюза, і кіраўніцтва яго, падчас цырымоніі адкрыцця гандлёвага аб’екта, выказала спадзяванне, што адкрыццё сучаснага будаўнічага магазіна ў Івацэвічах стане чарговым крокам у развіцці спажывецкай кааперацыі.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, і як жыхар Івацэвічаў адзначыў, што прыемна, калі ў горадзе адкрываецца чарговы гандлёвы аб’ект сучаснага фармату, які павышае якасць жыцця насельніцтва, і падзякаваў райста, што ва ўмовах канкурэнцыі яны не топчуцца на месцы, а развіваюцца, мяняюць воблік магазінаў, тактыку і логіку сваёй работы.

Прадстаўнік прыватнай гандлёвай кампаніі адзначыў, што для кампаніі “ОМА” – гэта знакавы аб’ект. Найперш таму, што ён самы вялікі з усіх аб’ектаў Брэсцкай вобласці. Ад імя кампаніі ён выказаў падзяку персаналу магазіна, які за няпоўны месяц шчыраваў вельмі шмат, каб адкрыццё адбылося.

Магазін і сапраўды атрымаўся прасторны, а тавараў у ім для рамонту дома ці будаўніцтва – на любы густ і кашалёк.  

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.