…І назваў сябе маёрам

Або пра тое, як на нашай даверлівасці працягваюць нажывацца махляры

Як вы памятаеце, Астап Бэндэр ведаў 400 адносна чэсных спосабаў адбірання грашовых сродкаў. Для гэтага, падкрэсліваў вышэйзгаданы літаратурны персанаж, не трэба індывіда душыць падушкай ці біць наганам па галаве. Навошта? Ён сам свае грошы прынясе на талерачцы з блакітнай каёмачкай… Герой нашай публікацыі, 33-гадовы Сяргей Д.
з Івацэвічаў, які ўжо быў… 11 разоў судзімы, таксама лоўка абвёў вакол пальца некалькі чалавек. Іх сапраўды не прыйшлося душыць падушкай ці біць наганам: яны поўнасцю даверыліся махляру і самастойна перадалі яму значныя сумы грошай.
Але аб усім па парадку. 
Сяргей Д. вызваліўся з месца пазбаўлення волі, прыехаў у г. Брэст. Варта адзначыць, што бясконцыя «паходы» за краты не паўплывалі на яго знешні выгляд: ён добра апранаўся, меў пры сабе розныя гаджэты, падтрымліваў адносіны са шматлікімі сябрамі, увогуле, меў рэпутацыю «чалавека з сувязямі», які можа дапамагчы вырашыць любыя складаныя пытанні. Таму калі ўзнікла агульная справа з 61-гадовым жыхаром Івацэвічаў Мікалаем М., які страціў вадзіцельскае пасведчанне, не мог паехаць за мяжу, то Сяргей Д. запэўніў: праблемы з абласной мытняй і Бярозаўскай МРЭА ён можа дапамагчы вырашыць.
Цана пытання – 250 еўра. Калі іх перадаць Сяргею Д., то ў Мікалая М. у кішэні з’явіцца вадзіцельскае пасведчанне, а брэсцкія мытнікі «прапусцяць» яго за мяжу, асабліва не турбуючы.
Тое, што адбывалася далей, падобнае на спектакль з дзіўнай рэжысурай.
Мужчыны едуць з Івацэвічаў у Брэст, спыняюцца каля гандлёвага комплекса «Карона». Сяргей Д. накіроўваецца ў магазін, спярша запатрабаваўшы, каб Мікалай М. знаходзіўся ў аўтамабілі – да яго падыдуць, каб убачыць і запомніць яго твар. Сапраўды, праз некалькі хвілін да легкавіка падыходзіць незнаёмец, уважліва аглядвае Мікалая М., пасля праходзіць міма. Усё гэта азначае, што яго запомнілі і што цяпер «зялёнае святло» на брэсцкай мытні яму гарантавана.
Абышоўся дадзены «агляд» Мікалаю М. у 150 еўра.
Але ж трэба вырашыць пытанне і з вадзіцельскім пасведчаннем! Праз пэўны час мужчыны накіроўваюцца ў Бярозу. Сяргей Д., які адчуваў, што давер да яго зніжаецца, вырашыў «дзейнічаць» нестандартна: у адным з магазінаў Бярозы, дзе таргуюць кветкамі, раслінамі, ён выбраў… вазон з дэкаратыўным дрэвам, запэўніўшы прадаўца, што хутка за яго разлічыцца. Пасля ён паведамляе Мікалаю М., каб той прыехаў у гэты магазін і перадаў прадаўцу 100 еўра. У хуткім часе Сяргей Д. вяртаецца ў гандлёвую кропку, забірае 100 еўра, тлумачыць прадаўцу, што «пераб’е» грошы, каб вярнуць грошы за дрэва… і знікае. Мікалаю М. тлумачыць, што праблем з вадзіцельскім пасведчаннем цяпер дакладна не будзе, трэба толькі яшчэ крыху пачакаць, а сам адчуваючы, што гэтыя «камбінацыі» яму абыдуцца дорага, з’язджае ў Брэст.
У абласным цэнтры Сяргей Д. не губляе час. У адным з бараў Брэста ён пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай, якой прадставіўся… маёрам міліцыі. Неверагодна, але яна лёгка паверыла, што адносіны падтрымлівае з «аператыўнікам». Маладыя людзі сустракаліся, бавілі час разам… У адзін з дзён сяброўка паведаміла, што збіраецца набыць легкавік за 2 000 долараў. Машына знаходзіцца ў г. Орша, застаецца толькі забраць яе. Як толькі гутарка зайшла пра грошы, Сяргей Д. ажывіўся: узяў у сяброўкі нумар тэлефона аршанскага прадаўца, паведаміў, што дадзенае «гандлёвае пытанне» бярэ на сябе. Маўляў, яго сябра – дырэктар аўтасэрвіса ў Мінску, які зробіць агляд аўто і дапаможа вырашыць пытанні куплі-продажу. На наступны дзень ён паведамляе сяброўцы: цану за легкавік удалося збіць да 1 650 долараў. А яшчэ яму, маёру міліцыі, якраз прызначана службовая камандзіроўка ў сталіцу, ён можа і «справы па службе» вырашыць, і аўто прыгнаць з Оршы. Гэтаму гора-камбінатару ўдалося падмануць сваю сяброўку, а «рамантыка» хутка выветрылася з яго галавы; захапіўшы долары, а таксама 50 рублёў «на бензін», ён у Брэсце купіў білет… да Масквы і з’ехаў.
А сяброўка ў Брэсце ўсё чакала легкавік. У рэшце рэшт яна звярнулася да сваёй знаёмай, муж якой служыў у праваахоўных органах. Маўляў, ці не ведае ён маёра МУС, які аказваў знакі ўвагі? Хутка высветлілася: гэта не маёр, а… небяспечны рэцыдывіст, судзімы добры дзясятак разоў… Можаце ўявіць сабе, якая роспач ахапіла дзяўчыну, яна нават ніякіх распісак не мае ад гэтага ўхажора аб тым, што перадала яму такую значную суму грошай.
У праваахоўныя органы пайшлі заявы…
…На лаве падсудных гэты наш зямляк Сяргей Д. аказаўся, дзякуючы дапамозе расійскай паліцыі, якая яго затрымала і арганізавала дастаўку ў Беларусь.
Судом Івацэвіцкага раёна ён асуджаны, у чарговы раз трапіў за краты. Пацярпелыя вырашаюць пытанне з тым, як вярнуць страчаныя ад «супрацоўніцтва» з гэтым ашуканцам сродкі.
А мне, старшыні суда Івацэвіцкага раёна і грамадзяніну Беларусі, хочацца звярнуць увагу, што фактаў махлярства ў апошні час менш не становіцца. Падманы назіраюцца на самых розных «узроўнях». Шырока вядзецца «выязны» продаж нейкіх сумніўных рэчаў, несанкцыянаванае здыманне грошай з чужых пластыкавых банкаўскіх картак набыло ледзь не масавы характар. А што робіцца ў інтэрнэце?.. Але ж не заўсёды «вінаваты» зламыснік – вінаватыя тыя нашы грамадзяне, хто даверліва трапляе на кручок вуды махляра, замест таго, каб раз і назаўсёды сказаць «не» розным прайдзісветам і ашуканцам.
Бо калі ўсе мы станем абачлівымі, асцярожнымі, то махлярства стане менш.
Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.