У спякоту – да возера

 У гэтыя спякотныя дні прахалоду можна знайсці толькі ля вады, і шмат гараджан райцэнтра не ўпускаюць такой магчымасці – едуць і ідуць да возера.

На першым возеры за г. Івацэвічы адпачывае шмат дарослых і дзяцей, а бліжэй да вечара машынам не было дзе прыпаркавацца – столькі жадаючых. Вада цёплая і празрыстая, зусім не хочацца выходзіць на бераг. Абсталявана месца для збору смецця, ёсць лавачка з нацягнутым тэнтам, кабінкі для пераапранання, усталявана дошка з інструкцыямі па тэхніцы бяспекі знаходжання на вадзе, пры ўкусе кляшчоў і ў іншых небяспечных выпадках.

На Яглевіцкім возеры адпачываючых таксама шмат. Тут устаноўлены буйкі, за якія нельга заплываць. Для дзяцей таксама абсталявана месца для купання. Працуе выратавальны пост, дзяжурыць выратавальнік, ёсць спартыўныя пляцоўкі, туалеты, месца для пераапранання.

Пажадана, каб ў гэтыя спякотныя дні працаваў выязны гандаль з прахалоднымі напоямі і марожаным, улічваючы, што наперадзе выхадныя і прыток людзей узрасце.

 

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.