Не сам аўтобус едзе — ім кіруе чалавек

І жанчына, якая звярнулася ў рэдакцыю, упэўненая, што менавіта з-за непрыязных адносін да яе вадзіцель аўтобуса парушаў нормы
Сваё імя жанчына не назвала, можна было б, як кажуць, махнуць рукой на ананімны зварот, але ж пытанне, якое яе цікавіла, не такое і простае. Адказ на яго, відавочна, ведае не кожны пасажыр гарадскога аўтобуса. Такім чынам, мы палічылі, што тэма вартая ўвагі…
– Вось аб чым прашу: няхай кампетэнтна патлумачыць спецыяліст ці сам дырэктар аўтобуснага парка дасць адказ, – прасіла жанчына. – Як павінен спыняцца аўтобус на прыпынку? Я – інвалід, ногі вельмі баляць і не надта слухаюцца. Хаджу з кульбамі. І вось аўтобус пад’язджае да прыпынку. Спыняецца. Але не ўпрытык, а воддаль. І мне трэба сысці з тратуара, крочыць па праезнай частцы, пасля падымацца ў аўтобус. А з праезнай часткі нязручна, бо ж падножка аўтобуса вышэй. Упала, рукі пабіла… Так мне крыўдна. А ж ведаю вадзіцеля аўтобуса, і ён мяне ведае, то ўдвая больш крыўдна. Быццам помсціць ён мне…
Асаблівасць малых гарадоў: ты не пройдзеш па вуліцы, каб не сустрэць знаёмага. У гарадскім аўтобусе палова лю-
дзей між сабой вітаюцца, некаму той жа вадзіцель ці знаёмы, ці сусед, ці сябар, ці сваяк. У нас знаёмыя прадаўцы ў магазінах, дактары і медсёстры ў бальніцы, настаўніцы ў школах. Мы ўсе заўсёды навідавоку, кожны наш крок, зроблены па-іншаму, можа быць (ды і будзе!) абгавораны і абмеркаваны. За многія гады прабывання ў якасці пасажыра аўтобуса мы пачынаем вітацца з вадзіцелем, а ён будзе пазнаваць нас на прыпынках. Мы ўсе разам – быццам свае. І таму наша крыўда, якую мы іншы раз паспытваем, мае свой канкрэтны адрас, у нашага крыўдзіцеля ёсць імя.
Людзі звоняць у рэдакцыю з такімі крыўдамі, і ў іх просьбах – не пакараць, бо свой жа, знаёмы, але толькі па-добраму папярэдзіць. І таму не ўказваюць у большасці выпадкаў канкрэтны дзень і канкрэтнага чалавека. Мы хочам, каб зла не было, таму не імкнёмся прынесці зло іншаму. Разумная пазіцыя, хрысціянская і зразумелая.
Такі вялікі ўступ зроблены вось для чаго: вадзіцель аўтобуса парушыў правілы прыпынку. Але мы разам з той жанчынай не імкнёмся да таго, каб пакаралі аднаго, а каб надалей такіх парушэнняў не было. Бо сведкам сам быў, калі, напрыклад, на вул. Дэпутацкай райцэнтра аўтобус прыпыняўся так, што людзі сходзілі з тратуара, ішлі па праезнай частцы, падымаліся ў аўтобус. А гэта было восенню, а на прыпынку былі лужыны…
Мы расказалі дырэкцыі аўтапарка пра крыўду жанчыны. І папрасілі даць адказ: як трэба?
Адказ дырэктара філіяла «Аўтамабільны парк №14 г. Івацэвічы» Лявонція Зайко адназначны:
«…Правілы ўнутрыгарадскіх рэгулярных перавозак пасажыраў у рэдакцыі Пастановы савета Міністраў РБ №636 ад 31.08.2018 г. абавязваюць вадзіцеля паркавацца на прыпыначным пункце як можна бліжэй да тратуара ці пасадачнай пляцоўкі, але не далей за 0,3 метра ад іх краю, для выканання пасадкі і высадкі пасажыраў. Пры гэтым, уладальнік дарог і прыпыначных пунктаў (ЖКГ) павінен забяспечыць належныя дарожныя ўмовы для выканання бяспечнага манеўра. Пасажырам выходзіць за межы пасадачнай пляцоўкі забараняецца».
Такім чынам, калі ёсць магчымасць і створаны ўмовы, аўтобус на прыпынку павінен спыняцца так, каб з пасадачнай пляцоўкі пасажыры маглі зайсці адразу ў аўтобус. Практычна ўсе прыпынкі гарадскога аўтобуса зроблены з улікам неабходных умоў. Што праўда: нярэдка на прыпынку аўтобуса спыняюцца прыватныя аўтамабілі, вадзіцелі якіх у гэты час могуць нахабна сядзець у салоне і «не бачыць» аўтобуса, чакаючы пасажыра, які пабег у магазін побач (бывае на прыпынку па вул. 70 год Кастрычніка). Бывае, вядуцца рамонтныя работы. Таму не будзем надта прыдзірлівымі і патрабаваць «хоць кроў з носа», але, калі ёсць магчымасць і няма перашкод, вадзіцель абавязаны спыніць аўтобус – чытаем яшчэ раз – не далей за 30 сантыметраў ад краю тратуара.
Мы жывём сярод людзей, людзі жывуць побач з намі. Мы ўсе – розныя, але аднолькавыя ў адным: мы чакаем ад іншых паважлівых адносін. І асабліва раніцай, калі толькі пачынаецца наш дзень. Гісторыя ў два сказы з жыцця: на прыпынку жанчына перадпенсійнага веку сваёй вялікай сумкай зачапіла маладую жанчыну, тая ўпала, падрапала рукі. А пасля яшчэ аказалася і вінаватай, бо «прэцца, не бачыць людзей!». А праз дзень яны сустрэліся. У кабінеце бальніцы. І гэтая жанчына, такая энергічная і баявая, зараз жалілася на свае балячкі маладой доктарцы, хаваючы вочы.
Зямля маленькая і круглая – не паспееш забыць на тое, што кінуў ззаду, як пабачыш яго наперадзе…
Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ.