Хутка пойдуць ягады-чарніцы. Якімі «грабёнкамі» можна карыстацца?

– Добры дзень! Ведаю, што з мінулага года пры зборы ягад – чарніц і журавін – можна карыстацца механічнымі прыстасаваннямі, так званымі «грабёнкамі». Але вось у чым пытанне: ці ёсць нейкія патрабаванні да тых самых «грабёнак»? А то сустрэне ляснік у лесе ды выпіша штраф…
А. Т. Собка, г. п. Целяханы.
Так, сапраўды, забарона на выкарыстанне «грабёнак» знятая. Як збіраць ягады з дапамогай механічных прыстасаванняў і якімі яны, «грабёнкі», павінны быць, мы атрымалі тлумачэнне наступнага зместу.
«Івацэвіцкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя паведамляе, што Пастановай лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь №8 ад 12.03.2019 г. зацверджана інструкцыя аб спосабах і прыстасаваннях для збору дзікарослых ягад у лясным фондзе, якая ўсталёўвае патрабаванні да спосабаў і прыстасаванняў для збору дзікарослых ягад у лясным фондзе:
– збор ягад ажыццяўляецца ў стане іх спеласці ўручную і (або) з выкарыстаннем ручных прыстасаванняў ва ўстаноўленыя тэрміны;
– збор ягад ручным прыстасаваннем робіцца рухамі знізу-ўверх;
– пры зборы чарніц і буякоў прыстасаванне накіроўваецца пад вуглом да верхняй часткі куста. Не дапускаецца пападанне ў зуб’і тоўстай ніжняй часткі парасткаў;
– пры зборы журавін прыстасаванне рухаецца па паверхні моху і парасткаў журавін;
– прыстасаванне для збору дзікарослых ягад складаецца з зуб’яў, ёмістасці назапашвальніка, ручкі і адпавядае наступным патрабаванням: адлегласць паміж зуб’ямі складае не менш за 0,5 см; корпус прыстасавання і зуб’і вырабляюцца з пластмасы, металу, драўніны, гумы або іх камбінацыі; у прыладах адсутнічаюць рэжучыя (вострыя) кромкі ў зоне зрывання ягад;
– парушэнне патрабаванняў сапраўднай інструкцыі цягне адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Дзеянне дадзенай iнструкцыi распаўсюджваецца на землі ляснога фонду з улікам забарон і абмежаванняў, якія дзейнічаюць у адпаведнасці з артыкулам 19 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Іншых асаблівых параметраў пры самаробным вырабе «грабёнкі» не маецца.
С. П. Прус, начальнік Івацэвіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя».