Апошняя воля памерлага 

нярэдка выклікае выбух абурэння ў жывых 

Гэтыя двое братоў нарадзіліся ў адной буйной вёсцы на Целяханшчыне, але лёс іх зусім розны. Старэйшы стварыў сям’ю, выхаваў дзяцей, радуецца ўнукам, мае ўласнае жыллё. А вось малодшы, якому ўжо больш за 60 гадоў, жанаты не быў, жыў напачатку з адной жанчынай, калі тая памерла – з другой. 

Але сужыцелька – чалавек чужы. Яна мае сваіх дзяцей і можа ў любы момант папрасіць «часовага мужа» пакінуць дом. У выпадку з малодшым братам такі паварот падзей не здаваўся крытычным, бо застаўся бацькоўскі дом у вёсцы, у якім ён нарадзіўся, дзе вырас і куды, здаецца, можа прыйсці заўсёды. 
Ды не ўсё так проста… 
Нябожчыца-маці, якая пражыла доўгі век, перад смерцю напісала завяшчанне, паводле якога дом пераходзіць у карыстанне старэйшаму брату, які, здаецца, і так някепска ўладкаваўся ў жыцці. Праходзіць пэўны час, і той, правёўшы поўнае афармленне бацькоўскага дома на сябе, вырашыў прадаць яго. Гэты крок выклікаў абурэнне ў малодшага. Няцяжка зразумець чаму: калі старэйшы прадасць дом, то малодшаму, атрымлівалася, не застаецца ніякай уласнай жыллёвай плошчы. 
Але нябожчыца-маці распарадзілася сваёй маёмасцю так, як распарадзілася. Яе апошняя воля, паўтаруся, – завяшчанне дома старэйшаму брату…
Судовае пасяджэнне, на якім разглядалася дадзеная справа, не хочацца і ўзгадваць – эмоцыі зашкальвалі! Але ж калі адкінуць эмоцыі і кіравацца законам, то дом адназначна належыць таму, на каго аформлена спадчына. Суд не мог прыняць нейкае іншае рашэнне, малодшы брат павінен выпісацца з бацькоўскага дома, а старэйшы можа яго прадаць, гэта яго ўласнасць. 
А родныя людзі? Сумна, але яны становяцца ворагамі… 
Штосьці падобнае адбывалася нядаўна і ў Івацэвічах, дзе «разгарнулася вайна» за шматпакаёвую кватэру ў цэнтры горада. Вось сітуацыя: памірае бабуля, якая пражывала з сынам і нявесткай. На наступны год памірае нявестка. Мужчына застаецца адзін, дзяцей у яго няма. У выпадку яго смерці кватэра павінна адысці дзвюм сёстрам, якія пражываюць у суседнім райцэнтры. Мужчына сапраўды ў хуткім часе таксама памірае, але абедзвюх сясцёр, якія правялі пахаванне брата, чакае неверагодны паварот падзей: іх брат, аказваецца, раней напісаў завяшчанне, паводле якога кватэра павінна адысці… яго знаёмай жанчыне. 
Абураныя сёстры ўступілі ў барацьбу за кватэру, дзе раней пражывалі яны, іх маці, брат… Справа дайшла да суда, жанчыны тлумачылі, што іх брат напісаў такое завяшчанне, бо быў у стрэсавай сітуацыі. Была правядзена пасмяротная комплексная судова-псіхалагічная экспертыза, падняты на свет многія іншыя дакументы. Але гэта было беспаспяховае змаганне: ёсць належным чынам аформленыя дакументы з подпісамі. Апошні гаспадар кватэры завяшчаў яе сяброўцы. Гэта яго права, яго воля. Такі крок у іншых родных выклікае цалкам зразумелае незадавальненне, абурэнне, але… 
Гэта вострыя і балючыя пытанні. Лічу, што кожны ўласнік нерухомасці перад напісаннем завяшчання павінен добра падумаць, калі ён па-сапраўднаму моцна перажывае за родных людзей, калі хоча, каб пасля яго зыходу застаўся мір і лад.
Васіль АЎРУСЕВІЧ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.