Замесці сляды не ўдалося…

Гэта адбылося ў в. Вулька-Целяханская. Двое сяброў у ноч з 22-га на 23 чэрвеня каталіся на матацыкле “ІЖ” па роднай вёсцы; непасрэдна матацыклісту толькі нядаўна споўнілася 18 гадоў, ніякіх дакументаў на права кіравання транспартных сродкаў у яго няма. На вул Першамайскай вёскі яны наехалі на 27-гадовага мясцовага жыхара, які ў гэты час (на гадзінніку было 2 гадзіны 30 мінут) ляжаў на асфальце. 
Матацыкліст і яго сябра адразу зразумелі, што здарылася штосьці непапраўнае. Каб замесці сляды, яны адцягнулі цела ўбок, сталі заціраць сляды колаў матацыкла, але якраз выйшаў сусед, запаліў святло. Хлопцы завялі матацыкл і кінуліся наўцёкі. Канешне, заснуць ім ужо было немагчыма, таму яны зноў праз некалькі гадзін вярнуліся на месца ДТЗ, каб прыбраць магчымыя ўлікі здарэння… 
Але гэтыя старанні былі дарэмнымі. Ужо раніцай да матацыкліста ў дом завіталі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Пацярпелы знаходзіцца ў Івацэвіцкай ЦРБ, у яго выдалены жыццёва важны орган. Не выключана, што ў адносінах да 18-гадовага матацыкліста будуць узбуджаны дзве крымінальныя справы – у тым ліку і за тое, што пакінуў на дарозе чалавека, пацярпелага ў выніку ДТЗ. 
Дзмітрый ЮДЗІК, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Івацэвіцкага РАУС.