ивацевичи дзюдо

Івацэвіцкія дзюдаісты — лепшыя ў рэспубліцы

12-14 чэрвеня ў г. Жодзіна прайшоў фінал Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў па дзюдо сярод юнакоў і дзяўчат 2005-2006 г. н.

У ім прынялі ўдзел усе пераможцы абласных спартакіяд. У складзе каманды Брэсцкай вобласці выступалі і прадстаўнікі Івацэвіцкага раёна.
Падцвердзілі свой статус мацнейшых дзюдаістаў Рэспублікі Беларусь сярод школьнікаў Ганна Савініч, якая другі год запар на гэтых спаборніцтвах заваёўвае першае месца і залаты медаль у вагавай катэгорыі да 52 кг, і Уладзімір Здзітавец, які ў вагавай катэгорыі да 50 кг заняў трэцяе месца і атрымаў бронзавы медаль. Рабяты трэніруюцца ў СДЮШАР г. Івацэвічы на аддзяленні дзюдо пад кіраўніцтвам трэнера-выкладчыка Ігара Віктаравіча Князькова.
Трэба адзначыць, што гэтым перамогам папярэднічала вялікая работа: каб дасягнуць такіх вынікаў, рабяты трэніруюцца чатыры разы на тыдзень. Але кажуць, што трэніроўкі для іх заўсёды ў радасць.
– На спаборніцтвах было нялёгка, бо прыехалі самыя моцныя дзюдаісты з розных абласцей, было зразумела, што перамогу не так проста будзе атрымаць. Для мяне самай непрастой саперніцай была дзюдаістка з Гродна, – расказала Ганна Савініч. – Для спартсменаў такія спаборніцтвы неабходныя, каб зразумець свой узровень, даведацца пра свае моцныя бакі, а таксама пра тыя моманты, над якімі яшчэ трэба папрацаваць.
Жадаем юным дзюдаістам новых перамог!
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.