А павінен быў спыніцца…

Гэтае дарожна-транспартнае здарэнне адбылося ў г. п. Целяханы. На гадзінніку
было прыкладна каля 20.00, калі 33-гадовы мясцовы жыхар Ю., які рухаўся на «Фальксвагене» па вул. 50 год Кастрычніка пасёлка, здзейсніў наезд на 44-гадовага мясцовага пешахода-мужчыну Р.
Кожны вадзіцель транспартнага сродку, які мае вадзіцельскае пасведчанне, дакладна ведае: у выпадку ДТЗ, у выніку якога ёсць пацярпелыя, ён павінен спыніцца і не пакідаць месца здарэння да прыбыцця прадстаўнікоў праваахоўных органаў, медыцынскіх работнікаў. Але ў дадзеным выпадку Ю. праявіў маладушша: ён спужаўся (як пасля патлумачыў) і з’ехаў з месца ДТЗ. Дарэчы, нашы грамадзяне ў цэлым праяўляюць мужнасць і грамадзянскую адказнасць: прыкладна чатыры гады да гэтага здарэння вадзіцелі, якія траплялі ў ДТЗ у Івацэвіцкім раёне, абавязкова спыняліся і не пакідалі месца.
А зараз па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 159. «Наўмыснае пакіданне ў небяспецы асобай, якая сама па неасцярожнасці ці з ускосным намерам паставіла пацярпелага ў небяспечнае для жыцця ці здароўя становішча». Дадам, што 44-гадовы пешаход атрымаў меней цяжкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе закрытага краявога змешчанага пералому галоўкі малабярцовай косці левай галёнкі. Паводле санкцыі дадзенага артыкула прадугледжана пакаранне да 3-х гадоў пазбаўлення волі са штрафам.
Вадзім ЖДАНЮК, следчы Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.