На базе Івацэвіцкага раёна прайшоў абласны турзлёт

Удзельнікі чацвёртага абласнога турзлёту “Івацэвіцкі мерыдыян 2019” з аддзяленняў дзённага прабывання тэрытарыяльных цэнтраў Брэсцкай вобласці 28 чэрвеня  правялі на базе ДУА “СШ №3 г.Івацэвічы” незабыўны і спартыўны дзень.

У выніку спартыўных спаборніцтваў першае месца на абласным мерапрыемстве заняла каманда,  якая на турзлёт прыехала ўпершыню. Гэта каманда “Камета” ДУ “Косаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”, другое месца – каманда “Драйв” Драгічынскага раёна, трэцяе месца ў каманды “Тапатропы” аддзялення дзённага прабывання ДУ “Івацэвіцкі ТЦСАН”. Прыемна, што ўсе пераможцы і ўдзельнікі турзлёту атрымалі граматы, падарункі і салодкія пачастункі.

І хоць было холадна, сонца свяціла ярка і ўсмешак, і сяброўскіх поціскаў рук было многа, бо праграма турзлёту, арганізаванага ДУ “Івацэвіцкі ТЦСАН”, была насычанай і шматпланавай: каманды абустройвалі бівак, рыхтавалі турыстычны сняданак, збіралі рукзак, пераносілі пацярпелага, пераадольвалі складаную пераправу, “будавалі калодзеж” кастра і спаборнічалі ў творчым конкурсе. Кожны этап праходзіў эмацыянальна, усе каманды адносіліся адзін да аднаго не як да канкурэнтаў, а як да сяброў, шчыра радаваліся і перажывалі адзін за аднаго, адпачылі, павесяліліся і праверылі свае сілы і магчымасці, і час праляцеў адной хвілінай.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.