Злодзей робіць выбар…

На тэрыторыі Івацэвіцкага раёна размяшчаюцца дзве папраўчыя ўстановы – ПК №5 і ПК №22. Кожны месяц сцены гэтых калоній пакідаюць дзясяткі асуджаных. Але далёка не кожны з іх адпраўляецца на свабоду з чыстым сумленнем. Некаторыя з іх адразу выбіраюць аб’ект, які можна абчысціць.

Так, адзін з такіх сядзельцаў, які доўгі час пражывае то ў папраўчых калоніях, то ў Белаазёрску, «нагледзеў» сабе прыватны дом у Івацэвічах (непадалёку ад СШ №3). Калі наступіла поўная цемра, мужчына ўпэўніўся, што мішэнь выбраў удала, – святло не гарыць, дома нікога няма. Ён спачатку пастукаў у дзверы – цішыня.
Гэта значыць, што пусты дом у яго поўным «распараджэнні».
Злодзей пранік у дом праз акно, пластыкавы шклопакет не стаў перашкодай. Някепска ён тут пагаспадарыў, пасля чаго знік з грашыма, якія яму ўдалося знайсці, – 400 долараў і яшчэ ўкраінскія грыўні. Гаспадары дома ў гэтыя дні адсутнічалі (з’ехалі на адпачынак за межы Беларусі). Няпростая задача паўстала перад міліцыяй: як знайсці зламысніка? У рэшце рэшт, ён быў устаноўлены і затрыманы. Будзем спадзявацца, што гаспадары дома, дзе, дарэчы, знаходзілася больш буйная сума грошай (злодзей іх не знайшоў), зразумеюць: варта заключыць дамову з Дэпартаментам «Ахова». Гэта гарантуе, што злодзей пабаіцца нават глянуць у бок такога дома.
Штосьці падобнае ў бягучым годзе адбылося ў цэнтры Івацэвічаў, дзе быў абкрадзены ларок «Табак». Тут таксама дзейнічаў былы сядзелец, які пражывае то ў папраўчых калоніях, то ў Брэсце. Рухаючыся з ПК №5 у бок вакзала, ён запрыкмеціў гэты ларок (знаходзіцца «за спінаю» так званага дзяжурнага магазіна), упэўніўся, што ён «зручны для крадзяжу». У адзін з вечароў прыехаў у Івацэвічы электрычкай з Брэста ў 20.50. Дачакаўся цемры, пранік у гандлёвую кропку, забраў выручку (каля 500 рублёў), набраў цэлы мех дарагіх цыгарэт – і ў 5.14 сеў у электрычку да Брэста. Дзейнічаў хітра, камеру відэаназірання, якая знаходзілася ў ларку, – вырваў і… таксама ўкраў.
Але і яго праз пэўны час выкрылі, затрымалі.
…А вось гэты «трохсерыйны» крадзеж адбыўся ў Краях. Мясцовы жыхар, гаспадарлівы мужчына, памёр, але на тэрыторыі яго домаўладання засталося многа металічных рэчаў, якія сёння «не даюць спаць» злодзею. Тройчы ў начны час у двор дома прыходзілі па двое розныя мясцовыя мужчыны. Першы «дуэт» вынес металалому на 83 рублі, другі «дуэт» на 100 рублёў, трэці – на 75. Сын памерлага гаспадара, які пражывае ў Целяханах, прыехаў у бацькоўскі дом і сумеўся: хто ж тут гаспадарыць? Выклікаў міліцыю. Узбуджаны тры крымінальныя справы, усе шэсць жыхароў Краёў у хуткім часе сядуць на лаву падсудных.
Аляксандр КІКУН, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.