Гран-Пры «Ажурных мар» – у Наталлі Кулецкай

11-15 ліпеня прайшоў XXVIII Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску-2019».

 Па добрай традыцыі падчас правядзення фестывалю ладзіцца «Горад майстроў», які прыцягвае і гараджан, і гасцей фестывалю магчымасцю набыць унікальныя рукатворныя рэчы ад народных умельцаў. У гэтым годзе ён аб’яднаў каля 400 майстроў рамёстваў Віцебшчыны і іншых абласцей Беларусі, гарадоў Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы.  У рамках гэтага праекту ладзіўся II конкурс майстроў народных мастацкіх рамёстваў па выцінанцы «Ажурныя мары», прысвечаны Году малой радзімы. У творчым змаганні прынялі ўдзел канкурсанты з усёй Беларусі і Літвы, у тым ліку і наша зямлячка, майстрыха выцінанкі з Дубітава Наталля Кулецкая. Яна вярнулася адтуль з вышэйшай узнагародай – Гран-Пры.

– Кожны канкурсант на вызначаны час павінен быў прадставіць сваю творчую работу на зададзеную тэматыку. Заддані ў канкурсантаў былі розныя. І тут у ход ішлі алоўкі, нажніцы, скальпель, некаторыя майстры карысталіся загатоўкамі, некаторыя давалі волю фантазіі і рукам, – расказала Наталля Кулецкая. – У кожнага асаблівы стыль, таму кожная работа непаўторная. Ацэньвалася раскрыццё тэмы, культура прэзентацыі, эстэтыка выцінанкі. Работы разглядала прафесінае журы, у складзе якога доктары і кандыдаты мастацтвазнаўства. Тэма, якая дасталася мне, была вельмі глыбокая, філасофская. У сваёй выцінанцы я паказала тры дрэвы, тры лёсы, тры жыцці. Было вельмі хвалююча, калі маю выцінанку прызналі лепшай, усё ж такі прыехалі майстры з Літвы, Польшчы – прафесіяналы сваёй справы. Гэта вельмі значная ўзнагарода для мяне.

Ганна Ільяшэвіч.