Каля 13 000 матацыклаў зарэгістравана ў юрыдычных і фізічных асоб Івацэвіччыны

 

Але, канешне, эксплуатуецца толькі прыкладна кожны чацвёрты-пяты матацыкл з тых, што стаяць на ўліку, а астатнія – гэта «мёртвыя жалезныя коні», звяртае ўвагу начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС Васіль Жур. Пра тое, як вырашыць праблему зняцця такіх матацыклаў з уліку, а таксама пра праблемы парушэнняў Правілаў дарожнага руху матацыклістамі аўтар публікацыі і вядзе гутарку з начальнікам АДАІ.
– Васіль Аляксеевіч, многія не здымаюць матацыкл з уліку, бо на ім немагчыма ўжо і даехаць у МРЭА Бярозы.
– А нікуды ехаць не трэба на матацыкле! Гаспадару двухколавага транспартнага сродку дастаткова самому паявіцца ў МРЭА з пашпартам, рэгістрацыйным нумарам, тэхпашпартам. Дадзеная працэдура не запатрабуе вялікіх грашовых трат, вы здымеце з уліку тэхніку, якая даўно не эксплуатуецца. Такая працэдура право-
дзіцца і з аўтамабілямі, якія даўно скончылі свой шлях і гніюць каля плоту. Прывядзіце, калі ласка, дакументы ў парадак. Тэлефоны для даведак: 9-15-24, 9-19-52.
– Так разумею, сёння матацыклы найбольш цікавяць моладзь… Яны ж найбольш і парушаюць Правілы?
– Так! Як сведчыць абласная статыстыка, 85-90 працэнтаў матацыклістаў, хто загінуў у ДТЗ ці быў паранены, – моладзь ва ўзросце да 25 гадоў. Гэтая праблема характэрная і для нашага раёна. Нярэдка бацькі купляюць «з рук» сыну матацыкл як «цацку», падарунак. Не заўсёды задумваюцца наконт таго, ці ўдасца пасля матацыкл зарэгістраваць, ці будзе сын заў-
сёды апранаць моташлем (ён у 75-80 працэнтах выпадкаў ДТЗ выратоўвае жыццё), ці атрымае пасведчанне на кіраванне такім транспартным сродкам, ці заўсёды будзе спыняцца па патрабаванні супрацоўніка ДАІ, не сядзе п’яным за руль… Набыццё матацыкла для падлетка – не такое простае пытанне, паважаныя дарослыя.
– Няўжо большасць маладых людзей, хто катаецца на сучасных і не толькі сучасных матацыклах, не мае адпаведнага пасведчання?
– Здараецца, што не мае, хаця ў апошнія 2-3 гады назіраецца станоўчая тэндэнцыя: усё больш маладых людзей прыводзяць дакументы ў парадак. Дзяржаўтаінспекцыяй створаны спрыяльныя ўмовы для атрымання катэгорыі «АМ», «А1». Для жыхароў населеных пунктаў, дзе няма навучальных устаноў, зроблены крок насустрач: падрыхтавацца можна самастойна. І калі споўнілася 16 гадоў, пацвердзіць свае веды можна здачай тэарэтычнага і практычнага экзаменаў у МРЭА ДАІ Бярозы, атрымаць дакумент. А праз два гады і атрымаць катэгорыю «А». Больш падрабязная інфармацыя па тэл. 8 (01643) 2-27-05, 2-27-28.
– Якія вынікі праведзеных у першай палове 2019 года рэйдаў па выяўленні парушэнняў сярод матацыклістаў?
– За першае паўгоддзе да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 80 матацыклістаў, у іх ліку 8 чалавек, хто сеў за руль п’яным. 13 чалавек не мелі пасведчання на права кіравання транспартным сродкам, 15 кіравалі матацыклам, не зарэгістраваным ва ўстаноўленым парадку. Супрацоўнікамі Івацэвіцкага РАУС затрымана і дастаўлена на штрафпляцоўку 12 матацыклаў – у асноўным, гэта тэхніка без дакументаў, без рэгістрацыі, транспарт нецвярозых матацыклістаў…
– Які лёс адабраных матацыклаў?
– Лёс іх розны. Калі прад’яўляюць дакументы, якія пацвярджаюць правы ўласніка, то пасля аплаты штрафу матацыклы вяртаюцца гаспадару. А калі матацыкл не зарэгістраваны, не мае ўласніка, то па ініцыятыве Дзяржаўтаінспекцыі раённым судом ён прызнаецца безгаспадарным і належыць далейшай рэалізацыі.
– Ці здараецца, што матацыкліст не рэагуе на патрабаванне супрацоўніка ДАІ аб спыненні. Ці мае права супрацоўнік ДАІ гнацца за матацыклістам?
– На жаль, факты непадпарадкавання не рэдкія. Здараецца, прыходзіцца ганяцца за матацыклістам, але тут дзеянні супрацоўнікаў ДАІ цалкам апраўданыя і правамерныя. Па-першае, матацыкліст з’яўляецца такім жа ўдзельнікам дарожнага руху, як і вадзіцель любога іншага транспартнага сродку. Па-другое, на сённяшні дзень у Брэсцкай вобласці зарэгістраваны дзясяткі фактаў крадзяжу матацыклаў – самых розных марак. І інспектар ДАІ мае поўнае права падазраваць, што іменна ў дадзеным выпадку той матацыкліст, што не спыніўся і кінуўся наўцёкі, сеў за руль украдзенага матацыкла. Адзінае абмежаванне: каб спыніць матацыкл без бакавога прычэпа нельга прымяняць спецыяльныя сродкі. І яшчэ. Калі матацыкліст спыніўся, то за нязначныя парушэнні ПДР да яго прымяняюцца мінімальныя меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Але калі такі гора-матацыкліст затрыманы ў выніку праследавання, то санкцыя будзе максімальная.
Яшчэ адной праблемай з’яўляецца жаданне матацыклістаў пранесціся па населеным пункце на вялікай хуткасці і пры гэтым ствараючы моцны шум, які ў вячэрні і начны час не дае адпачыць грамадзянам. З такімі матацыклістамі мы працуем прадметна, у выпадку іх затрымання прымаюцца максімальна жорсткія меры за парушэнні.
Вуліцы населеных пунктаў – не месца для самазацвярджэння і бравады. Усе тыя матацыклісты, хто раней трапіў у ДТЗ, таксама лічылі сябе вопытнымі, што здарэнне з іх удзелам немагчыма. Але лёс распараджаецца інакш. Таму заклікаю матацыклістаў строга прытрымлівацца Правіл дарожнага руху, каб не стаць пасля чарговай лічбай у сумнай статыстыцы.
Гутарыў Аляксандр ГОРБАЧ.