«Майстры гандлёвых спраў»

Пад такой назвай у мінулую пятніцу, 12 ліпеня, у Івацэвіцкім ГДК прайшло святочнае мерапрыемства да Дня кааперацыі

За гадзіну да канцэрта ў фае ГДК ужо было шматлюдна: для гасцей мерапрыемства была арганізавана выстаўка творчых работ супрацоўнікаў, ветэранаў райста і іх родных, а ўсе жадаючыя маглі выступіць у якасці дэгустатараў прадукцыі кааператараў.

Старшыня праўлення Івацэвіцкага райста Алена Куратнік выказала словы падзякі дырэктарам філіялаў райста, усім працаўнікам таварыства і ветэранам кааперацыі. Дзякавала Алена Мікалаеўна за падтрымку і супрацоўніцтва Івацэвіцкаму раённаму выканаўчаму камітэту і асабіста яго старшыні – Аляксандру Грыцуку, старшыні праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Леаніду Янковічу, а таксама ўсім установам і прадпрыемствам, з якімі  супрацоўнічае райста.

Словы віншаванняў і падзякі гучалі  ў адрас работнікаў і ветэранаў кааперацыі ад намесніка старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Наталлі Аляхновіч і старшыні праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Леаніда Янковіча. Леанід Сцяпанавіч падкрэсліў у сваім выступленні, што Івацэвіцкае райста і яго калектыў – гэта вялікая арганізацыя, якая знаходзіцца ў тройцы лідараў Брэсцкай вобласці і ўваходзіць у дзясятку лепшых спажывецкіх таварыстваў краіны. 

Наталля Аляхновіч, Леанід Янковіч, Алена Куратнік узнагародзілі лепшых працаўнікоў Івацэвіцкага райста, асаблівае ўшанаванне атрымалі ветэраны, не засталіся па-за ўвагай і маладыя спецыялісты таварыства. Віншавалі кааператараў Івацэвіцкага райста і шматлікія партнёры.

Свае музычныя і артыстычныя нумары падчас святкавання дарылі артысты Івацэвіцкага гарадскога Дома культуры, Івацэвіцкі народны тэатр і выхаванцы ДУА «Дзіцячы яслі-сад №1 г. Івацэвічы».

Юлія Кавалёва, фота Валерыя Міскевіча.