Тэлефон «зазвінеў» праз паўтара года — і выкрыў злачынцу

На стацыянарнае лячэнне ва УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» паступіла жыхарка Івацэвічаў. Шпіталізацыя праводзілася па распрацаванай схеме: адзенне, як звычайна, здаюць у гардэроб, грошы і ўпрыгожванні – у спецыяльны сейф, адкуль пацыентка ўсё гэта можа забраць пасля выпіскі.

Але так атрымалася, што доступ да вышэйзгаданага сейфа мела, так бы мовіць, няпрофільная работніца ЦРБ, якая «непрыкметна зазірнула» ў сейф, забрала мабільны тэлефон, грошы з кашалька і залатыя ўпрыгожванні. Але гэтая жанчына, якая пражывае ў буйной вёсцы каля Івацэвічаў, у хуткім часе была выкрыта. Узбуджана крымінальная справа.

Нядаўна раскрыты яшчэ адзін крадзеж у Івацэвіцкай ЦРБ. Жанчына з Івацэвічаў у перадапошні дзень 2017 года прыйшла на прыём у паліклініку, паклала смартфон на падаконнік – і забыла. Калі ўспомніла, вярнулася, то мабільніка не знайшла. Звярнулася ў праваахоўныя органы. Тэлефон «зазвінеў» аж праз паўтара года – у чэрвені 2019 года. Праведзена расследаванне, высветлена наступнае: крадзеж смартфона  на сумленні работніцы ЦРБ. Таксама ўзбуджана крымінальная справа.

Аляксандр КІКУН, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.