Прыгожы горад  справамі маладых

Райцэнтр рыхтуецца сустрэць сваё 500-годдзе прыгожым і абноўленым, на працягу многіх месяцаў тут вядуцца маштабныя работы па добраўпарадкаванні: асвяжаюць фасады дамоў, агароджы, на многіх вуліцах з’явілася новае дарожнае пакрыццё, радуюць вока рознакаляровыя клумбы і насаджэнні. Не засталася ў баку ад значнай падзеі ў жыцці райцэнтра і моладзь Івацэвічаў. Як адзначыла першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Вольга Белякова, моладзь актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы да юбілею.
Так, на працягу дзесяці дзён на базе ДУВП «Івацэвіцкая жыллёва-камунальная гаспадарка» шчыраваў студ-
атрад райкама ГА «БРСМ». 14 юнакоў і дзяўчат штодзень выходзілі на вуліцу Леніна, каб аднавіць агароджы. Праца карпатлівая – спачатку зачышчаюць паверхню, а пасля ўжо прыступаюць да афарбоўкі. Працуюць зладжана і аператыўна, знаходзяць час і пажартаваць: кажуць, што з жартамі працаваць лягчэй. Студатрадаўцы выконваюць свае прафесійныя абавязкі пад кіраўніцтвам камандзіра студэнцкага атрада Дзяніса Рыжова. У пачатку рабочага дня ён робіць «пераклічку», упэўніваецца, што ўсе прыйшлі на работу, падрыхтоўвае матэрыялы, на працягу ўсяго дня сочыць за дысцыплінай і за тым, як студатрадаўцы выконваюць сваю работу. Але гэтая пасада не вызваляе яго ад асноўнай работы – працуе нараўне з іншымі. Хлопец у гэтым годзе скончыў сярэднюю школу №3 г. Івацэвічы, яшчэ вясной трапіў у студатрад, які працаваў на базе ДЛГУ «Івацэвіцкі лясгас», працаваць спадабалася, заробак таксама не расчараваў, таму і летам вырашыў папрацаваць. Наперадзе – паступленне, кішэнныя грошы лішнімі не будуць.
– Студатрады даюць магчымасць зразумець, што значыць працоўная дысцыпліна, распарадак рабочага дня, а таксама пачынаеш цаніць чалавечую працу, пазнаеш цану грашам, – расказаў Дзяніс Рыжкоў. – Упэўнены, што кожны студатрадавец ужо гатовы да дарослага жыцця. Час тут праведзены не дарэмна, мы бачым плён сваёй працы – прыгожыя агароджы на вуліцы Леніна.
Такім чынам, мы таксама дакрануліся да вялікай агульнай справы – падрыхтоўкі Івацэвічаў да 500-годдзя. Хочацца, каб наш райцэнтр з кожным годам станавіўся яшчэ прыгажэйшым, і я ўпэўнены, што моладзь абавязкова гэтаму пасадзейнічае. Дзякуй райкаму ГА «БРСМ», які дапамагае маладым людзям працаўладкавацца.
Як адзначыла Вольга Белякова, упершыню на базе ЖКГ быў створаны студатрад, і ўжо зараз можна сказаць, што супрацоўніцтва склалася плённае, і падзякавала за актыўную сумесную працоўную дзейнасць.
Майстар Мікалай Шэрка, які на працягу дзесяці дзён працуе з рабятамі, адзначае, што працуюць студатрадаўцы старанна.
– Яны прыйшлі навічкамі, а за гэтыя дні прызвычаіліся да працы, спрацаваліся, ніякіх праблем не ўзнікае, – расказаў Мікалай Шэрка. – Скажу шчыра, да дзяцей прыкіпеў. Хутка пачне працаваць другі студатрад, прыйдуць да мяне новыя рабяты, спадзяюся, знойдзем агульную мову і будуць яны працаваць таксама сумленна і старанна.
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.