Упаў на… нож?

Супрацоўнікі праваахоўных органаў Івацэвіцкага раёна ў гэтыя дні праводзяць разбіральніцтвы па факту нестандартнага здарэння, што мела месца ў Івацэвічах. Двое нецвярозых мужчын – 33-гадовы А. і 42-гадовы Б., – абое жыхары райцэнтра,
знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, у адзін з вечароў наведаліся да сястры аднаго з іх, вырашалі нейкія жыццёвыя пытанні, але здарылася нечаканае: А. спатыкнуўся і ўпаў на нож,
які трымаў у руках Б.
Пашкоджанне А. атрымаў сур’ёзнае – пранікаючае раненне грудной клеткі з пашкоджаннем мембраны печані. Пацярпелы трапіў на бальнічны ложак у рэанімацыйнае аддзяленне Івацэвіцкай ЦРБ. Папярэдняе вывучэнне сітуацыі сведчыць, што тут, хутчэй за ўсё, сапраўды меў месца няшчасны выпадак, бо мужчыны не канфліктавалі; гэта пацвярджае і сведка. Тым не менш, не выключана ўзбуджэнне крымінальнай справы ў адносінах да Б. па арт. 155 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Нанясенне цяжкага або меней цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці».
Аляксандр КІКУН, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.