Зноў крадзеж у электрацягніку

Малады мужчына з г. Стоўбцы сеў на начную электрычку «Мінск-Баранавічы-Брэст». З Мінска яму ехаць каля гадзіны, ён паклаў рукзак з рэчамі пад галаву і лёг спаць, спадзяючыся, што перад Стоўбцамі прачнецца і выйдзе.

Але спалася маладому чалавеку так добра, што ён праехаў і сваю станцыю, і Баранавічы і толькі каля Даманава спахапіўся. Але горш за ўсё тое, што прапаў яго рукзак і маёмасць агульным коштам больш за 1 000 рублёў. Пацярпелы не можа сказаць дакладна, калі ледзь не з пад галавы яго выцягнулі гэты рукзак.

Узбуджана крымінальная справа, расследаваннем займаецца Івацэвіцкі райаддзел Следчага камітэта. А мне застаецца ў чарговы раз нагадаць: крадзяжы ў цягніках не рэдкасць. Таму важна быць абачлівым, быць цвярозым, трымаць сваю маёмасць у полі зроку, бо раскрыць пасля падобнае злачынства вельмі няпроста.

Віталь ВЫСОЦКІ, начальнік ЛПМ на ст. Івацэвічы.