Чаму ўцякаў матацыкліст?

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ў вячэрні час знаходзіліся каля палаца Пуслоўскіх. Іх увагу прыцягнуў матацыкл, які рухаўся па аўтадарозе Косава-Мілейкі. Вадзіцель матацыкла быў без моташлема, супрацоўнікі ДАІ памкнуліся спыніць яго.

Але матацыкліст, 30-гадовы жыхар в. Мілейкі, кінуўся наўцёкі. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі паімчалі следам, матацыкліст у хуткім часе (метраў праз 600-800) не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет, упаў. Атрымаў траўму.

Падчас разбору высветлілася: мужчына быў у нецвярозым стане, ён не мае адпаведнага пасведчання на права кіравання матацыклам, месяц назадяго ўжо спынялі супрацоўнікі ДАІ Івацэвіцкага райаддзела міліцыі і прыцягвалі да адказнасці. Прыйдзецца зараз зноў яму плаціць штраф.

Выпадкаў, калі нам даводзіцца праследаваць матацыклістаў, скутарыстаў і мапедыстаў, менш не становіцца. Чамусьці людзі не разумеюць, што міліцыя абавязана весці праследаванне чалавека, які не адрэагаваў на патрабаванне аб спыненні. І нецвярозы, які кіруе матацыклам, стварае пагрозу іншым удзельнікам дарожнага руху. Заклікаем жыхароў Івацэвіччыны з разуменнем ставіцца да нашай работы, просім рабіць паведамленні ў міліцыю, калі бачыце, што за руль легкавіка ці матацыкла сеў нецвярозы.

Васіль ЖУР, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС.